Мастак з Маладзечна арыентаваны ў сваёй творчасці на падрыхтаванага гледача. Здольнага паразважаць над творамі мастацтва, а не ацэньваць іх з пункту погляду цукерачкі.

– Большасць жа гледачоў не могуць даць ацэнку нерэалістычным творам, яны не падрыхтаваныя да гэтага, – сцвярджае Анатоль Акулік. – І ацэньваюць як цукерачку: салодкая альбо несалодкая, смачная альбо нясмачная. Над творамі мастацтва трэба падумаць, убачыць у кожным з іх сэнс. Гэта каласальная праца творцы, яго энергетыка, душа, унутраны свет.

Карціна Анатоля Акуліка “Нацюрморт”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна Анатоля Акуліка “Нацюрморт”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціны – як пад кальку

Творца таксама заўважае, што ў краіне мала калекцыянераў, людзей, якія разумеюць мастацкія напрамкі, работы мастакоў.

– Для большасці верхам прыгажосці, верхам мастацтва  з’яўляюцца карціны як пад кальку з магазінаў, – дзеліцца досведам маладзечанец. – Таму, калі людзі чуюць, колькі каштуюць мае работы, работы іншых мастакоў, у некаторых вочы на лоб вылазяць, чуюцца словы: “Ды я за такое б і 15 долараў не даў!”, “Мой унук нават лепшыя карціны малюе!” А паспрабаваў бы чалавек сам зрабіць такое! Колькі цярпення, колькі сіл ідзе на кожную карціну. Таксама вялікія грошы – на якасную паперу, фарбы, туш, пэндзлі.

Творца параўноўвае стварэнне карціны з нараджэннем дзіцяці. Для яго кожная з работ вельмі дарагая, родная. Таму становіцца крыўдна, што тваю працу так нізка ацэньваюць.

Карціна з трыпціху Анатоля Акуліка  “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху Анатоля Акуліка “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

 

Карціна з трыпціху “Смах мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Смах мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху Анатоля Акуліка “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху Анатоля Акуліка “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Зняў бы капялюш перад Маўрыцам Эшарам

 Анатоль Акулік адзначае, што ніколі не імкнуўся быць падобным да пэўнага мастака:

– Мне блізкія некаторыя работы Сандра Батычэлі, Міхаіла Урубеля, Канстанціна Каровіна. Аднак гэта не азначае, што мае будуць падобныя да іх. Я ствараю па-іншаму.

А вось перад мастаком-графікам прадстаўніком імп-арта Маўрыцам Эшарам маладзечанскі мастак зняў бы капялюш – яго работы сапраўды ўражваюць. Мастак нават сумняваецца, што мог бы зрабіць падобнае.

“Мона Ліза” не ўражвае

– А вось вядомая карціна “Мона Ліза” Леанарда да Вінчы ніколі не ўражвала мяне, колькі ні глядзеў, з якога боку ні ўзіраўся, – разважае маладзечанец. –  Для мяне гэта звычайная жанчына на палатне. 

Мастак заўважае, што любы твор мастацтва нельга ацэньваць па параметрах: падабаецца альбо не падабаецца, добра альбо дрэнна. Гэта не ацэнка! Іншая справа, калі людзі гавораць, што да гэтага твора не ляжыць душа альбо што не разумеюць яго.

Рысаванне – праца для душы

Мастак падзяліўся спосабам, як працуе над карцінай. Калі ён бярэцца за працу, то спачатку можа і не ведаць, якая яна будзе – шматкаляровая альбо чорна-белая. Некаторыя мастак можа нарысаваць, але пасля, калі ўбачыць, што ідэя ў іх цалкам не рэалізаваная, выкінуць. Некаторыя ідуць пад канапу.

Анатоль Акулік гаворыць, што некаторых мастакоў мастацтва можа пракарміць, аднак такое ўдаецца далёка не ўсім.

– У кожнага мастака ёсць асноўная работа, якая корміць, дае хлеб, – адзначае творца. – І ёсць работа для душы. Для мяне – гэта мастацтва. Так, напрыклад, Міхаіл Клеафас Агінскі ў першую чаргу быў дыпламатам, палітычным дзеячам, музыкантам ён займаўся на аматарскім узроўні. Аднак цяпер яго найперш ацэньваюць як кампазітара, які стварыў “Паланэз”.

Машына цікавіць толькі дызайнам

Анатоль Акулік адзначае, што многія людзі лічаць мастакоў лайдакамі.

– Гэта, напэўна, закладзена ў менталітэце нашай нацыі, – адзначае Анатоль Акулік. – Калі чалавек не цягае на сабе цэглу, калі не рамантуе пэўныя рэчы, а трымае ў руцэ пэндзаль і стварае творы мастацтва, значыць, ён лайдак. Так нават час ад часу выказваецца ў дачыненні да мяне і мая мама. Яна часта сварыцца, калі не раблю нешта па доме. Але я лічу, што для гэтага ёсць спецыялісты.

Мастак кажа, што ён не сябруе з механічнай тэхнікай, для яго гэта незразумелая і нецікавая сфера дзейнасці. Прызнаецца, што і машыны яго цікавяць выключна з пункту погляду дызайну.

Выстава графікі “Рака жыцця” Анатоля Акуліка пачала працаваць ад 1 лютага ў мастацкай школе ў Маладзечне. Яна працягнецца да 20 лютага.

Мастак доўгі час шукаў спосаб, як паказаць перапляценне ліній. Гэта ён увасобіў у карцінах “Ураборус” і “Уздзвіжанне”.

“Ранні снег” Анатоля Акуліка. Фота Галіны СІНІЦЫ.

“Ранні снег” Анатоля Акуліка. Фота Галіны СІНІЦЫ.

У дзяцінстве ў мастака была кніга з казкамі братоў Грым, там былі цікавыя ілюстрацыі. Яны запомніліся на ўсё жыццё. Гэтыя вобразы Анатоль Акулік пераасэнсаваў, з’явіліся трыпціхі “Смак мінулага” і “Вартавы холаду”.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціна з трыпціху “Вартавы холаду”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціны з трыпціху Анатоля Акуліка “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Карціны з трыпціху Анатоля Акуліка “Смак мінулага”. Фота Галіны СІНІЦЫ.

Гледачы могуць таксама убачыць карціны “Вартавы холаду”, “Белая варона”, “Ранні снег”, “Механіка космасу”, “Усёбачнае вока”.

Работу над творамі, якія ёсць на выставе, мастак пачаў з 2012 года. Раней работы не выстаўляліся.

Даведка “РГ”. Анатоль  Акулік жыве ў Маладзечне. Нарадзіўся 28 студзеня 1954 года ў горадзе Пячэнга Мурманскай вобласці. Працаваў на Клецкім механічным заводзе фрэзе­роўшчыкам. У 1977 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У выставах удзельнічае ад 1982 года. Творы захоўваюцца ў прыватных зборах Беларусі і замежжа.

Імп-арт – напрамак у мастацтве, накіраваны на выяўленне немагчымых фігур.