Андрэй Маркевіч скончыў Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж. Па размеркаванні застаўся ў Мінску, але сам прызнаецца, што пасля таго, як тэрмін размеркавання скончыцца, ён будзе толькі рысаваць.

У будучым хлопец хоча заняцца анімацыяй, дызайнам, зняць фільм пра чалавечую абыякавасць.

Думае чорна-белымі фарбамі

Андрэй Маркевіч пачынаў з жывапісу, маляваў каляровыя карціны. Але, як ён гаворыць, час каляровых карцін для яго прайшоў. Цяпер ён працуе ў графіцы.

– Я навучыўся думаць чорна-белымі фарбамі. Аказваецца, што і так можна выказаць усе свае пачуцці, думкі. Свае карціны я стварю маркерамі, тушшу, гелевымі ручкамі.

Робіць работы начыста

Па словах хлопца, ён маляваў з дзяцінства, хаця ў яго сям’і ніхто не мае мастацкай адукацыі, не малюе. Яго бацька, Аляксандр Маркевіч, – будаўнік, маці, Людміла Маркевіч, працуе загадчыцай гаспадарчай часткі ў школе.  

– Я пачынаю рысаваць, калі ў мяне ёсць пэўная задума, тады адразу раблю ўсё начыста. Калі ў мяне дрэнны настрой, сумна, я ўсё роўна рысую. У такі час пераважна ствараю партрэты і пейзажы.

Партрэты знакамітасцяў у звычайным сшытку

Віляйчанін лічыць, што партрэты ўжо выйшлі з моды, іх замянілі фотаздымкі. Аднак навучыцца іх маляваць можа кожны, толькі для гэтага трэба цярпенне.

У курсавым праекце Андрэя ў дадатку ёсць партрэты, сярод якіх і выява яго дзяўчыны Марыі. Раней хлопец пераважна маляваў партрэты знакамітых людзей, рабіў іх у звычайным сшытку. Часам стварае партрэты, каб зрабіць прыемнае знаёмым на свята.

Жыць трэба паўнавартасна – прыйдуць і ідэі

Андрэй Маркевіч адзначае, што ён не верыць у натхненне. Для таго, каб атрымалася сапраўды вартая карціна, трэба тытанічна працаваць.

– У чалавека няма пэўных ідэй, калі ён мала кантактуе з іншымі людзьмі, не ходзіць на мерапрыемствы, не падарожнічае. Няхай гэта будзе падарожжа па вашым горадзе, аднак некалі вы ўбачыце нешта незвычайнае, прыйдзе задума. Каб былі ідэі, трэба жыць паўнавартасна. Калі гэтага няма, то творца спасылаецца на адсутнасць натхнення.

Андрэй адзначае, што яму падабаюцца работы многіх мастакоў, у кожнага ёсць чаму павучыцца. Аднак ён не раўняецца на іх, жадае, каб уласныя работы былі адметныя, адлюстроўвалі яго ўнутраны свет.

Хоча заняцца анімацыяй, зняць фільм

Андрэй Маркевіч у будучым хоча займацца анімацыяй, зняць фільм пра чалавечую абыякавасць.

– Гэта вялікая праблема нашага часу, калі людзі жывуць толькі сваімі праблемамі, не звяртаюць увагі на клопаты іншых. Я мяркую, што ў людзей проста нецікавая праца, дрэнны заробак, таму яны заганяюць сябе ў чатыры сцяны і ствараюць свой свет. Так не павінна быць, чалавек павінен жыць сярод людзей і ў нейкай ступені іх клопатамі.

На карцінах тое, чым жыў 20 год

21 лютага ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея імя Нікадзіма Сілівановіча адбудзецца выстава маладога мастака Андрэя Маркевіча “Юнацтва”. На карцінах усё тое, чым ён жыў на працягу 20 год.

Асноўная работа мае аднайменную назву “Юнацтва”. На ёй чалавек, які сядзіць на беразе. У яго мілы твар, але галоўнае – у поглядзе роздум над сэнсам жыцця, жыццёвымі праблемамі.

– 20 год – гэта час, калі трэба выбіраць свой лёс, людзей, з якімі пройдзеш па жыцці, каханую, – гаворыць Андрэй Маркевіч. – Я нават часта думаю, што позна задумаўся над сэнсам жыцця.

Больш за ўсё перад выставай Андрэй хвалюецца, што не ўсе зразумеюць, што ён хацеў сказаць сваімі карцінамі, палянуюцца паразважаць над іх сэнсам.

У час выставы мастак прадставіць відэарад

– Многія мае знаёмыя могуць сказаць, што работы прыгожыя, – заўважае віляйчанін. – А хочацца, каб яны не проста паглядзелі, а і падумалі пра сэнс карціны.

Да выставы Андрэй дарабляе некаторыя карціны, рыхтуе відэарад, у ім – яго жыццё, адносіны да творчасці, фота работ.

Віляйчанін упэўнены, што мастакі могуць зарабіць грошай на творчасці. Толькі трэба правільна ацэньваць свае магчымасці.

Цяпер малады мастак не прадае карціны, рысуе для душы. Але заўважае, калі б вырашыў прадаць адну з работ, мінімальная цана была б 800 долараў.

Адбудзецца выстава маладога мастака з Вілейкі Андрэя Маркевіча

Мастак з Маладзечна Анатоль Акулік: “Нас лічаць лайдакамі”