27-гадовы жыхар вёскі Бярозаўка на Астравеччыне быў у гасцях у прыяцеля ў вёскі Нідзяны. Мужчыны выпівалі. Калі гаспадар заснуў, маладзён узяў ключы ад машыны і паехаў па навакольных вёсках. У іх ён назбіраў сабе спадарожнікаў.

Спачатку маладзён паехаў у суседнюю вёску да стрыечнага брата. На прыпынку яны сустрэлі двух хлопцаў, якія прасілі падвезці да Катлоўкі. Новыя спадарожнікі па дарозе пачаставалі братоў водкай.

У сваю кампанію маладзёны ўзялі ў адной з вёсак дзяўчат. Працягвалі катацца і выпіваць. Калі спіртное скончылася, дзяўчаты пайшлі дадому. Выпадковыя спадарожнікі выйшлі ў Катлоўцы.

Калі 27-гадовы маладзён зразумеў, што зрабіў, паціху з выключаным асвятленнем паставіў машыну на месца, пайшоў спаць. Але яго і скрадзеную машыну ўжо шукала міліцыя.

Гаспадар машыны прачнуўся пасярод ночы, убачыў, што ні  машыны, ні сабутыльніка няма, звярнуўся ў міліцыю.

У міліцыі маладзён прызнаўся ў зробленым.

Пра здарэнне расказаў супрацоўнік прэс-службы кіравання ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Кузняцоў.