У 1949 годзе касцёл у Анжадаве выкарыстоўвалі як калгаснае сховішча. Аднак мала хто ведае, што пабудову аблюбавалі мясцовыя дзеці для сваіх гульняў, шукалі там скарбы.

Валеры Пячкоўскі жыў амаль перад уваходам у касцёл ў 1968-1976 гадах. Яму тады было сем гадоў. У суседнім доме – старшыня калгаса.

Як бамжы знайшлі залатыя манеты

– Часта я гуляў з сынам старшыні калгаса Колем Кавалеўскім, – успамінае Валеры. – Ён быў маім равеснікам. Бегалі мы па іх хаце і не ўяўлялі, якое багацце схаванае там. Напэўна, не ведалі гэтага і бацькі Колі. Прайшоў час, многае прыйшло ў заняпад, і ў той хаце пасяліліся бамжы. Аднойчы яны пасварыліся, адзін кінуў крэслам у другога і трапіў ім у дзвярны вушак. Той адваліўся, а адтуль пасыпаліся залатыя манеты. Аднак шчасце гэтых людзей было нядоў­гім – за бутэльку аддалі залатыя.

Так выглядаў касцёл у 1936 годзе. Фота radzima.org.

Так выглядаў касцёл у 1936 годзе. Фота radzima.org.

Мужчына ўзгадвае, што вокны касцёла былі забітыя дошкамі, на дзвярах вісеў вялізны замок, каменныя сходы засыпаныя пяском для зручнага праезду транспарту.

– Дах на пабудове быў не з дранкі, а са шчапаных дошчачак, – гаворыць мужчына. – Яны былі роўненькія-роў­ненькія. З іх рабілі вельмі ладныя стрэлы. На адной сцяне вісеў абраз – выява на ім сцерлася, толькі рамка засталася і выпуклая тоўстая бібула. Калі мы яе выразалі, то знайшлі пачак царскіх сторублёвак.

Тады маленькія хлопчыкі не ўсведамлялі іх гістарычнай каштоўнасці: што ў школу аддалі, што цікаўным параздавалі.

Жагналіся, але баяліся, каб ніхто не ўбачыў

Мужчына ўспамінае, што не раз заўважаў, як старыя дзядзькі, прахо­дзячы па дарозе каля касцёла, здымалі шапкі і жагналіся, цёткі таксама кланяліся і жагналіся. Аднак хаваліся, каб ніхто не ўбачыў.

Мясцовыя людзі ездзілі ў бліжэйшыя вёскі Літвы, каб схадзіць у касцёл. Шлюбы і хрэсьбіны ладзілі ў Вільні. За чырвонае яйка на Вялікдзень маглі выгнаць са школы.

Атрымлівалі ад бацькоў, што скакалі з хораў

Дзеці не ўспрымалі касцёл як рэлігійны будынак, як гісторыка-культурную каштоў­насць. Ім цікава было гуляць там, шукаць скарбы – ад гэтага ўся зямля была праткнутая пруткамі. Гулялі ў хованкі, вайну, пікера, у “чыжа”, з рагаткі стралялі.

Валеры з іншымі дзецьмі залазіў пад дах па прыстаўной лесвіцы і адтуль скакаў з “хораў” у збожжа.

– Цяпер дзіўна, што і страху не было, – дзівіцца мужчына. – Ад бацькоў за гэта атрымлівалі: хто дзягай, а хто і экраніраваным провадам. Калі ўзгадваю пра гэта, то і, праўда, страшна становіцца: столь месцамі прагніла і можна было лёгка зваліцца на цэментную падлогу.

Скокнуў у цэмент – выцягнулі адтуль за вушы

Неяк вясной, калі ў адным адсеку ўсё збожжа вывезлі, насыпалі цэменту. Дык адзін хлопчык скокнуў у яго – толькі вушы засталіся відаць. За іх і выцягнулі.

– Аднойчы котка акацілася пад дахам, – узгадвае Валеры. – Аднак сама загінула пад коламі. Кацяняты ж увесь час пішчалі – шкада было бедных. Дык я залез пад стрэшку, узяў іх за пазуху, аднак развярнуцца не змог – падстрэшак быў вузкі. Тады задам палез, падцягнуўся і злез. Толькі калі злез, паджылкі затрэсліся – нада мной было метраў дзесяць вышыні.

Бурылі касцёл – дзеці збеглі з урокаў

З часам бэлькі, якія ўтрымлівалі вежу, падгнілі, яна нахілілася. Баяліся, каб пабудова не абвалілася на прылеглыя будынкі. Тады старшыня калгаса запрасіў меліяратараў з магутнымі трактарамі, каб зваліць вежу. Зямля дрыжэла, трасы рвалiся – не такiя гнiлыя аказалiся бэлькi. Але ўрэшце вежа не вытрымала.

 – Помню, у школе тады быў перапынак, – узгадвае мужчына. – Чуем – трэск, гром, i на тым месцы, дзе праз сукi дрэў вiднелася вежа – пуста. Якiя пасля гэтага заняткi! Усе паляцелі туды: пад абломкамі ляжалі вялізныя званы. Аднак праз ноч іх ужо не было – праз пару тыдняў яны зазванілі ў Каменцы, што на Літве. Калі з’явіўся новы каменны будынак касцёла, то званы зноў вярнуліся ў Анжадава.

Касцёл у 1992 годзе. Фота radzima.org.

Касцёл у 1992 годзе. Фота radzima.org.

Новы будынак касцёла з цэглы ў Анжадаве пачалі аднаўляць у 1993 годзе. Скончылі ў 1995 годзе.

Даведка “РГ”. Касцёл у Анжадаве пачалі будаваць у 1912 годзе, аднак яго будаўніцтва спыніла вайна. У 1917 годзе будаўніцтва працягнулі, касцёл адкрылі. У 1949-м савецкая ўлада зачыніла яго, а ксяндза арыштавалі. Пабудову сталі выкарыстоўваць пад калгаснае сховішча.

Бібула – так на Ашмяншчыне называлі тоўсты, трывалы кардон.

Хоры – высока размешчаны балкон у храмах, прызначаны для хору альбо аркестра.