Мемарыяльную дошку ў яго гонар асвяцілі 29 лістапада ў вёсцы Лукавец Хаценчыцкага сельсавета.

Дошку вырабілі родныя знакамітага беларуса і іх сябры. Усталявалі на доме яго  дачкі, Браніславы Пятроўны Тарадайкі (Сыч). Ушанаванне прайшло ў вузкім сямейным коле. Асвяціў мемарыяльную дошку настаяцель прыхода храма Георгія Перамаганосцы ў мястэчку Партызанскім Міхаіл Стацюк.

Ад імя Браніславы Пятроўны дзякую ўсім тым, хто падтрымаў і дапамог ажыццявіць даўняю мару сям’і Пётры Сыча − вярнуць яго імя  на Радзіму. Сёння, хоць і праз 75 год, але гэта ­іх мара здзейснілася. Здзейснілася дзякуючы неабыякавым да гістарычнага мінулага людзям.

Памятную дошку ўсталявалі на доме дачкі Пётры Сыча Браніславы Тарадайкі ў вёсцы Лукавец Хаценчыцкага сельсавета. Фота Алеся Раткевіча.а

Памятную дошку ўсталявалі на доме дачкі Пётры Сыча Браніславы Тарадайкі ў вёсцы Лукавец Хаценчыцкага сельсавета. Фота Алеся Раткевіча.а

У справе дапамагалі добраахвотна і бязвыплатна першы намеснік Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры БДУ Максім Місько, мастак Генадзь Шурпік, беларускае радыё “СВАБОДА” і аўтар гэтых радкоў краязнаўца Алесь Раткевіч.

Пётра Сыч – журналіст, пісьменнік, інжынер-будаўнік

Нарадзіўся Пётра Сыч (поўнае яго імя Пётра Альфрэд Сыч) 18 студзеня 1912 года ў Батурыне Вілейскага павета.                        

Пачатковую школу скончыў у роднай вёсцы, а сямікласную – у  Хаценчыцах.

У 1929 годзе пачаў вучобу ў Віленскім універсітэце на факультэце філасофіі, але праз два гады мусіў кінуць вучобу з прычыны хваробы маці. Ад гэтага часу па­чаў журналісцкую працу ў віленскіх польскамоўных газетах.

Адначасова  Пётра Сыч распачаў і пісьменніцкую дзейнасць. Першы верш, на польскай мове, надрукавалі ў 1932 годзе ў віленскай газеце “Голас люду”. Працаваў за польскім часам у Хаценчыцкай гміне інжынерам-будаўніком.

Трапіў у савецкі палон і асуджаны

Як і тысячы жыхароў Заходняй Беларусі, Сыч сустрэў вайну на самым яе пачатку, 1 верасня 1939 года, і быў як польскі грамадзянін мабілізаваны ў Войска Польскае. Ён апынуўся ў 10-м батальёне Корпуса аховы памежжа. Аднак у тым самым верасні вайна для яго скончылася.

Пётра Сыч ад 17 да 23 верасня браў удзел ва ўзброеных сутычках з чырвонаармейскімі часцямі ў раёне Смаргоні і пад Гроднам. У выніку ён, як і тысячы польскіх вайскоўцаў, трапіў у савецкі палон. Паколькі Сыч быў жыхаром Заходняй Беларусі, яго неўзабаве вызвалілі.

У 1940-м Сыч быў арыштаваны, асуджаны і разам з тысячамі жыхароў Заходняй Беларусі накіраваны ў працоўны лагер (Комі АССР).

 Далучыўся да арміі Андэрса

У верасні 1941 года як польскі грамадзянін Пёт­ра Сыч быў перакінуты спачатку ў Надволжа, потым у Самарканд, дзе стваралася польская армія генерала Уладзіслава Андэрса.

Пётра Сыч, як і тысячы іншых беларусаў з Заходняй Беларусі, далучыўся да войска польскага генерала.

Іран, Ірак, Палесціна, Егіпет, Ліван, Італія − такі баявы шлях прай­шлі жаўнеры гэтага корпуса да Монтэ-Касіна, а разам з імі і паручнік Пётра Сыч, які ваяваў пад Монтэ-Касіна.

Быў чатыры разы паранены. Атрымаў узнагароды розных краін: брытанскія ордэны − Зорка Iталіі, Зорка 1939-1945, медаль вайны 1939-1945 і медаль Абароны, польскія − Крыж Монтэ-Касіна №45039, медаль Войска, Ганаровую адзнаку за раненні, іншыя ўзнагароды.

Аўтар першага звароту радыё “Вызваленне”

Па заканчэнні вайны корпус генерала Андэрса перавялі ў Англію. Там Пётра Сыч ад 1946 года  далучыўся да беларускай працы. У 1951 годзе пераехаў у Германію, дзе рэдагаваў сатырычны часапіс “Шарсцень” і супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў Мюнхене. Стаў адным з самых першых супрацоўнікоў радыё “Свабода” (тады радыё “Вызваленне”).

У лютым 1954 года з Канады ў Мюнхен прыехаў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, каб распачаць працу па стварэнні беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне”. І ён адразу запрасіў у штатныя супрацоўнікі Пётру Сыча. Сустрэча ў Мюнхене была не першай. Улетку 1940 года Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Пётра Сыч разам сядзелі ў савецкай турме ў Полацку і з таго часу пасябравалі. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі добра ведаў пра адданасць Пётры Сыча беларускай справе і лічыў, што менавіта такія людзі і павінны ствараць беларускае незалежнае радыё.

Пётра Сыч з вялікім энтузіязмам узяўся за новую працу, укладаў у яе ўвесь свой талент і душу. Ён быў аўтарам тэксту звароту, з якім самы першы раз, 20 мая 1954 года, выйшла да слухача  беларуская рэдакцыя радыё “Вызваленне”, цяперашняя “Свабода”. Называўся ён “Азімут сэрца”.