2 сакавіка ў Палацы культуры адкрылася выстава “Жыццё і мастацтва”. Яна падрыхтаваная да 60-годдзя заснавання студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На выставе прадстаўлены жывапіс і графіка Мікалая Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Алены Кучко, Галіны Сушко, Юрыя Церабуна, Наталлі Чырвонцавай, Уладзіміра Тамашэвіча, іншых. Усяго было каля 20 работ.

Гледачы разглядаюць карціны. Фота Галіны Сініцы.

Гледачы разглядаюць карціны. Фота Галіны Сініцы.

Падчас мерапрыемства ўзгадалі, што 1 сакавіка споўнілася б 113 гадоў заснавальніцы студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ядвізе Раздзялоўскай.

Студыя працавала на грамадскім пачатку

Былыя вучні сказалі многа цёплых слоў пра сваю выкладчыцу, узгадалі, як працавала студыя ў 1955 гадах.

– Прайшло 23 гады, як няма Ядзі, а мы кожны год збіраемся ўзгадаць яе імя добрымі словамі, – пачаў Юры Церабун. – Я быў яе вучнем 50 гадоў таму. Тады іграў на цымбалах, яна заўсёды казала: “Кідай свае цымбалы, ідзе маляваць!” Не пагаджаўся з гэтым: і маляваў, і цымбалы не кінуў. Ядвіга была мастаком, якая незвычайна чулліва бачыла і адчувала свет, у яе карцінах ёсць ноткі філасофскага.

Юры Церабун на выставе. Фота Галіны Сініцы.

Юры Церабун на выставе. Фота Галіны Сініцы.

Мастак узгадаў, што спачатку студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва працавала на грамадскіх пачатках, не мела сталага месца знаходжання.

Агуркі і сала добрыя, але бутэлька толькі адна

Юры Церабун узгадаў, калі Ядвіга Раздзялоўская збірала мастакоў, то заўсёды стваралася даверлівая абстаноўку, чуліся жарты.

Мастак заўважыў, што сёння яго работу таксама адзначылі жартаўліва. Глядач заўважыў, што сала, агуркі намаляваныя добра. А вось шкада, што толькі адна бутэлька на карціне.

Кіраўнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Галіна Сушко са сваімі вучнямі. Фота Галіны Сініцы.

Кіраўнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Галіна Сушко са сваімі вучнямі. Фота Галіны Сініцы.

Паказалі аматарскія фільмы Юрыя Церабуна

Падчас вечарыны ў малай зале Палаца культуры паказалі аматарскія фільмы Юрыя Церабуна пра Кастуся Харашэвіча, Юрася Герасіменку і Ядвігу Радзялоўскую.

Маладзечанская паэтка Ларыса Сысун спецыяльна для мерапрыемства напісала верш.

Віншавалі цёплымі словамі і 60-ю булачкамі

Узгадалі падчас вячэры і выпускнікоў студыі. Пра выхадца з Даўгінава Вілейскага раёна Юрася Герасіменку сказалі, што ён быў цудоўным рысавальшчыкам, ствараў ілюстрацыі да мастацкіх тэкстаў. Яго ілюстрацыі ёсць да аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”, да казкі “Каток-залаты лабок”.

Напрыканцы вечарыны студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падарылі падарункі. Самы незвычайны быў у паэткі Ларысы Сысун – 60 піражкоў.