Новы праект прэзентуе Вілейскі краязнаўчы музей. Гэта культурна-выставачна адукацыйная праграма “Тыдзень калекцыянера”.

– Праект разлічаны на 12 месяцаў. Адзін тыдзень у месяц у музеі будуць праходзіць міні-выставы самых цікавых нашых калекцый, а таксама з уласных збораў жыхароў Вілейшчыны, – расказвае навуковы супрацоўнік установы Надзея Аўдзей.

Мэта такога праекту – не толькі паказаць цікавыя прадметы з фондаў музея, а і прыцягнуць да супрацы калекцыянераў. Арганізаваць сустрэчы з імі, стварыць своеасаблівую пляцоўку для калекцыянераў – з тым, каб яны маглі пазнаёміцца,  абмяняцца ведамі.

Ад значкоў да цацак

Для “Тыдня калекцыянера” вызначылі такія тэмы: “Нумізматыка і баністыка” (манеты і банкноты), “Фалерістыка” (значкі), “Філаменія” (запалкавыя карабкі), “Глюкафілія” (пакецікі з цукрам) і чайныя пакецікі”, “Філакартыя і посткросінг” (паштоўкі), “Фарфор” , “Філатэлія”, “Календары”, “Ад ліхтара да лямпачкі Ільіча”, “Цацка СССР”, “Галаўныя ўборы і брытвы”, “Совы, чарапахі, сланы”. Тэмы могуць яшчэ памяняцца, кажа Надзея Аўдзей.

Пачнуць з манет і банкнотаў

Праект “Тыдзень калекцыянера” стартуе 24 сакавіка. Пачнецца ён з нумізматыкі і баністыкі.

Будзе экспанавацца больш за 200 прадметаў з фондаў музея. Да іх далучаць свае найбольш цікавыя манеты і банкноты калекцыянеры. Прымуць удзел чатыры калекцыянеры з Вілейшчыны. Яны рознага ўзросту і розных заняткаў.

Як прыняць удзел у праекце

Заяўку можна падаць па нумары 8-01771-5-41-47, або на электронны адрас vil_museum@mail.ru. Трэба пазначыць “Тыдзень калекцыянера”, а таксама прозвішча імя, імя па бацьку, назву сваёй калекцыі і тэлефон.


Цікавыя факты пра калекцыяніраванне

Першая самая старажытная калекцыя належыла Арыстоцелю. Яна складалася з розных экзатычных раслін.

 Імператар Пётр І з юнацтва збіраў зброю, рэдкія манеты і мінералы, усе што было “дзіўна і незвычайна”.

 Кардынал Рышылье і французскі генерал Віндам былі азартнымі калекцыянерамі трубак для курэння.

 Імператар Напалеон збіраў гадзіннікі і алавяных салдацікаў, а канцлер Бісмарк  – градуснікі.

 Іаганн Вольфганг фон Гётэ быў буйным калекцыянерам мінералаў. Вальтэр Скот збіраў зброю розных краін. Мікалай Някрасаў сабраў 64 віды паляўнічых ружжаў.

 Анатоль Франс валодаў вялікай калекцыяй настольных званочкаў. Жюль Верн збіраў карты і даведнікі, Артур Конан-Дойл – рэкламныя буклеты транспартных кантор, параходных кампаній і страхавых агенств. Віктар Гюго калекцыянаваў парасоны.