Мастацкія творы прымацаваў да вяроўкі прышчэпкамі. Некалькі дэкарацый са спектакляў залескай батлейкі падвесіў да столі. Гасцям спадабалася прымяраць іх на галаву, як капялюш, і фатаграфавацца, напрыклад, з альтанкай з Паў­ночных Афін на галаве.

Сцэну ўпрыгожылі іншымі дэкарацыямі і лялькамі. А адну са сцен упрыгожваў плакат з патрэтамі Міхала Клеафаса Агінскага з жонкай, але замест іх твараў было акенца, каб можна было прымераць на сябе іх вобразы.

Для наведнікаў выставы  “Фарбы і гукі з Залесся – 2015” Сяргей Верамечык падрыхтаваў незвычайнае афармленне. Як жартуе аўтар, прынцып выставы “не манументальны, а маментальны”, бо рыхтавалі яе хутка. Таму і назваў яе антыподам выставы, ці антывыставай.

Аўтар выставы правёў для наведнікаў экскурсію. Сярод яго работ пераважна замалёўкі Залесся, Гальшанаў, Крэва, Жупранаў, Кушлянаў. Госці адзначалі, што ў яго творах  імпануе насычанаць яркіх колераў. Усяго на выставе 180 работ, сярод іх праекты замкаў, пейзажы, інтэр’еры палацаў.

Творцу не столькі віншавалі з адкрыццём выставы, колькі дзякавалі за тое, што зрабіў. Настаўнік фізічнай культуры залескай ясляў-садка-школы Станіслаў Гаўрылкевіч распавёў, што дзякуючы Верамейчыку многія жыхары вёскі даведаліся пра славутую гісторыю Залесся.

Пакрысе і ён пачаў на сваіх уроках расказваць пра помнікі, мясціны, іх гісторыю. Цяпер кожны вучань можа правесці экскурсію па Залессі.

Хірург з Маладзечна, які пажадаў застацца неназваным, дзякаваў, што Верамейчык паклапаціўся пра тое, каб залескія школьнікі з’ездзілі ў Фларэнцыю і бліжэй пазнаёміліся з жыццём Агінскага. А адзін з гасцей напісаў верш, прысвечаны аўтару выставы, і пажадаў творцу, каб у яго работах часцей з’яўлялася тэма кахання.

Другая частка адкрыцця выставы была музычная. Сяргей Верамейчык іграў на флейце, а пасля пад гітару спяваў песні на словы Францішка Багушэвіча і на свае. Сярод гасцей было шмат школьнікаў, якія падпявалі аўтару. Госці дасылалі паперкі з заказамі на тыя песні, якія спадабаліся: “Сон”, “У госці да Міхала”.

 А ў гэты час па зале перадавалі альбом пажаданняў для Верамейчыка. На кожным акрушы была намаляваная літара, на якую прапаноўвалі напісаць эпітэт ці пажаданне аўтару. На “В” напісалі “ванд­роўніку”, на “Т” – творчаму і гэтак далей. Альбом падарылі краязнаўцу, мастаку і музыку напрыканцы імпрэзы.

Верамейчык навучыў  развітвацца па-залеску. Ён вучыў школьнікаў развітвацца і па-італьянску “арыведэрчы”, а адна дзяўчынка, забыўшыся слова, запыталася: “Як там па-італьянску? Калявядзерца?” З таго часу ў Залессі так і развіт­ваюцца − калявядзерца.

Выстава “Фарбы і гукі з Залесся – 2015” пачала працу ў пятніцу, 20 сакавіка, у краязнаўчым музеі. Яна прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага і будзе працаваць да 26 красавіка.

“Антывыставу” ў Смаргонскім музеі адкрыў краязнаўца Сяргей Верамейчык з Залесся (Фота)