Жаданне і магчымасць пракаціцца п’яным на вуліцах горада за рулём аўтамабіля бізнес-класа “Мерседэс-Бэнц Е320” 2005 года выпуску супалі летась 4 лістапада. 25-гадовага бяспраўніка не спынілі ні папярэднія судзімасці, ні тое, што шыкоўнае аўто не яго.

Знаёмы на дзень даверыў К. сваю машыну. Паводле слоў гаспадара “Мерседэса”, К. і Д. завезлі яго дамоў, у адну з вёсак Астравецкага раёна, а самі вярнуліся ў райцэнтр. На вуліцы Маркава яны выпілі. У адной кампаніі з імі была дзяўчына, якая хутка настойліва папрасіла завезці яе дамоў.

Д. вельмі хацеў пакатацца за рулём машыны. Крыху праехаўшы, заўважыў аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Д. развярнуўся і паехаў далей. Манеўр відавочна п’янага кіроўцы адразу прыцягнуў увагу. Міліцыянеры паехалі за “Мерседэсам”.

Машына спынілася каля крамы “Будаўнік”. Не выходзячы з салона, кіроўца дастаў ключы з замка запальвання, кінуў іх на дыванок, а сам пералез на задняе сядзенне. Калі міліцыянеры падышлі да аўто, дзверы былі заблакаваныя, а п’яная кампанія сядзела ў салоне. К. сцвярджаў, што кіроўца некуды выйшаў.

Але міліцыянеры бачылі, як Д. пералазіў на задняе сядзенне. У момант, калі ён даставаў ключ, у салоне ўключылася святло.

Відэарэгістратар стаў тым сведкам, які дапамог аднавіць падзеі таго дня.

Паводле медыцынскага агляду, канцэнтрацыя пароў спірту ў Д. 2,87 праміле. Магчыма, затрымаўшы яго ў той вечар, міліцыянеры выратавалі камусьці жыццё.

Суд Астравецкага раёна прызначыў Д. пакаранне – абмежаванне свабоды ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу на два гады. Таксама пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспарту на пяць год, і далі штраф на 200 базавых велічынь, ці 36 мільёнаў рублёў. “Мерседэс” канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Калі перадаяце машыну, памятайце, калі ім будзе кіраваць п’яны “паўторнік”, вашу машыну канфіскуюць.

Нягледзячы на тое, што ўвага да п’яных кіроўцаў штогод павялічваецца, “паўторнікаў” менш не становіцца. Канфіскацыя машыны, якая ім не належыць, − звычайная справа.