Паводле Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства лоўля ўсіх відаў рыбы на Міншчыне забароненая ад 1 красавіка да 30 мая.

На вадаёмах Віцебскай вобласці, да якіх адносіцца возера Вялікія Швакшты Нацпарку “Нарачанскі”, лоўля рыбы забароненая ад 10 красавіка да 8 чэрвеня.

У гэты перыяд дазваляецца аматарскае рыбалоўства толькі адной вудай з адным кручком ці адным спінінгам, які забяспечаны штучнай прынадай, з адным адзіночным, двайным ці трайным кручком у светлы час сутак і толькі з берага без заходу ў ваду. Акрамя таго, забараняецца выкарыстанне грамадзянамі маламерных суднаў.

Нагадаю, што лавіць шчупака забаронена да 15 красавіка, а на вадаёмах Віцебскай вобласці – да 25 красавіка.

Штраф плюс шкода ў трайным памеры

Выкарыстанне забароненых прыладаў ці спосабаў лоўлі рыбы цягне за сабой штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Акрамя гэтага давядзецца кампенсаваць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду – у трайным памеры па кожнай канфіскаванай ці знішчанай дзікай жывёле ці віду рыбы. Калі памер шкоды складае больш за 100 базавых велічынь, наступае крымінальная адказнасць.

Пра выпадкі браканьерства паведамляйце па тэлефоне 8-01797-50-7-40.