Агульную карціну таго, што адбывалася ў тэатры 27 сакавіка, можна апісаць словамі аднаго з герояў прадстаўлення: “Што б я калі дзе што-небудзь якое, а то я ніколі, нідзе, нічога, ніякага. Я нікому ніколі нічога ніякага, а калі што якое, дык што там такое?”

Прызнацца па праўдзе, пачатак мерапрыемства энтузіязму не выклікаў.

Ідзеш у тэатр, ведаеш, што ў акцёраў прафесійнае свята, прачытаў у афішы, што чакае “інтрыга ў адным дзеянні”…

Адчыняеш дзверы і трапляеш туды, дзе на раялі іграюць жалобную музыку, а ля сцяны стаяць два столікі з прэзентацыяй малочных прадуктаў. І, здавалася б, і задума добрая, і сыркі смачныя. Але гэта ну ніяк не асацыявалася з тэатрам, сустрэчы з якім чакаеш з асаблівым трапятаннем.

Ды толькі пра гэтыя недарэчнасці забываешся адразу пасля трэцяга званка.

“У мяне прэм’ера! Вады мне!”

Усе тыя, дзеля каго мы, уласна, і ходзім у тэатр, на гэты раз размясціліся ў глядзельнай зале. Адзін за адным у залу заходзілі акцёры: Аляксей і Таццяна Карпец, Алена Рахмангулава, Людміла Рошчына, Дзяніс Фешчанка, Павел Святоха, Сяргей Карзей, Барыс Донін, Ала Цырук…

Але хто ж у такім выпадку выйдзе на сцэну?

А на сцэне з’явілася экзатычная дама з чыпсамі, якая тут жа заявіла, што ў яе сёння прэм’ера, і патрабавала кубак вады. Нягледзячы на тое, што дама прадставілася тэатральным крытыкам Іааннай Лажэвіч, у ёй лёгка пазнаваўся выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў акцёр Генадзь Пшэннік. Менавіта спектакль у яго пастаноўцы быў вынесены на суд гледачоў.

Праўда, хутчэй гэта быў не спектакль, а мікс тэатральных жанраў. На сцэне выступалі дзеці з тэатра-студыі “ТэсТ”, спявалі песні, ігралі на саксафоне, уручалі тэатральную прэмію. І лейтматывам праз усё гэта дзейства праходзіў твор Андрэя Макаёнка “Трыбунал”. Толькі ў маладзечанскай пастаноўцы судзілі галоўнага героя за тое, што ён пай­шоў служыць… акцёрам.

– Я вельмі баяўся выходзіць на сцэну ў вобразе жанчыны. Таму што мне здаецца, што пасля Калягіна гэта таленавіта не рабіў ніхто, – сціпла прызнаецца Генадзь Пшэннік. – Але, як заўжды, самае цяжкае даво­дзіцца браць на сябе.

– Мяркуючы па імені вашай гераіні, вы павінны былі ўсё і ўсіх крытыкаваць. А крытыкі было мала таму, што вам усё падабаецца?

– Крытыкі было мала, таму што акцёры вельмі крыўдлівы народ. Пажартуеш, а потым з табой век размаўляць не будуць. Я і так перажываю, што, можа, недзе нядобра пажартаваў.

Тэатральная прэмія стане штогадовай

Дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра Юры Крывенькі спадзяецца, што прэмія стане штогадовай.

– Сёлета заказалі ў дызайнераў статуэткі ў выглядзе яблыні, на якой вісіць адзін яблык з тэатральнымі маскамі.

Такі дызайн выбраны невыпадкова. Юры Крывенькі патлумачыў, што пры выбары кіраваліся тым, што візітная картка тэатра – гэта спектакль “Камедыя”. А там, калі памятае глядач, галоўная дэкарацыя якраз дрэва.

– Мы гэтым спектаклем адкрываем і закрываем сезон. У канцы гэтага тэатральнага сезона мы плануем паставіць такое ж дрэва ў фае тэатра і частаваць гледачоў тэатральнымі яблыкамі, – дзеліцца планамі дырэктар тэатра.

Першая прэмія, вядома, мела свае белыя плямы. Напрыклад, не ўзгадалі маладых акцёраў.

Але, калі верыць словам Юрыя Крывенькага, прэмія стане традыцыйнай, а гэта значыць, што шоу мусіць працягвацца.

Уладальнікі першай тэатральнай прэміі

Усяго ў гэты вечар прэміі ўручылі ў пяці намінацыях. Лепшым дзіцячым спектаклем назвалі спектакль “Парася, якое спявае”. Лепшай актрысай стала Алена Рахмангулава, акцёрам – Аляксей Карпец. Мэтрам сцэны прызналі Барыса Доніна, а лепшы акцёрскі ансамбль – Ала Цырук і Аляксандр Каласніцын.