Сеюць на леташні ўраджай, кепска рыхтуюць глебу, угнаенні даво­дзяць да акамянення, а гнаясховішча пера­поўненае.

Такія недахопы заўважылі прадстаўнікі Камітэту дзяржкантролю падчас маніторынгу пасяўной кампаніі.

На 1 красавіка Мала­дзечанскі раён быў у лідарах па падрыхтоўцы глебы да сяўбы: апрацавалі 45% плошчы пры 28% па вобласці.

Прадпрыемствы “Купала-Агра” і “Відзеўшчына” выканалі 11,5% і 21,8% ад запланаванага аб’ёму адпаведна.

Пры гэтым многія плошчы яны не падрыхтавалі належным чынам. Работнікі “Купала-Агра” ў некаторых месцах зусім не апрацавалі глебу. Таму на 14 гектарах насенне засеялі з бракам.

Уражваюць маштабы – каля 80% пасяўнога матэрыялу проста ляжыць на паверхні.

У раллі знайшлі шматлікія сфарміраваныя пачаткі кукурузы. Летась яе дрэнна і безгаспадарліва збіралі.

Няякасная падрыхтоўка глебы кепска адб’ецца на будучым ураджаі. Такая сітуацыя, напрыклад, на 115 гектарах ва ўрочышчы “Сычавічы”: на зямлі засталося мноства пустазелля.

Тая ж праблема ёсць і ў гаспадарцы “Ві­дзеўшчына”.

Да таго ж мінеральныя ўгнаенні там  захоўваюць у ава­­­рый­ным будынку, у якім няма часткі сцяны і працякае дах. Затое шчыльна замыкаюць дзверы на ключ.

Каля 30 тон амафосу тут ужо месцамі скамянела. А фасфатныя ўгнаенні проста рассыпаныя па дарозе каля склада. І гэта прытым, што гаспадарка забяспечаная імі менш, чым на чвэрць ад патрэбнай колькасці.

Прычэпаў для вывазу і ўнясення ўгнаенняў няма, таму гнаясховішча перапоўненае. На прылеглай да фермы тэрыторыі ўтварылася возера з гнаявых нечыстот.

Дадае праблем недапрацоўка з тэхнікай. Некаторыя агрэгаты патрабуюць рамонту, а ўсе 20 трактароў у СВК “Купала-Агра” чакаюць тэхагляду. Пакуль на гэта няма грошай.

Фота забяспечана Маладзечанскім міжраённым камітэтам дзяржкантролю.

У краму ў Радашкавічах уклалі 400 мільёнаў рублёў, а яе не выкарыстоўваюць

“Забудова” абвясціла аб банкруцтве: прадпрыемства ўвайшло ў працэс санацыі

За карупцыю Вілейская пракуратура прыцягнула тры службовыя асобы