“Белгазпрамбанк” папоўніў сваю карпаратыўную калекцыю двума працамі класікаў нацыянальнай школы жывапісу. Сярод іх праца вядомага мастака, ураджэнца маёнтка Багданава на Валожыншчыне Фердынанда Рушчыца “Хлеў і азярод”.

Напісаная яна ў 1899 годзе. Набылі пейзаж у прыватнага калекцыянера з Беларусі, паведамляе прэс-служба банка.

Уклад Фердынанда Рушчыца ў мастацтва Беларусі, Літвы і Польшчы цяжка пераацаніць. Менавіта ён арганізаваў у 1919 годзе мастацкі факультэт адроджанага тады Віленскага ўніверсітэта. Пры ўсім тым у нашай краіне захоўваецца ўсяго толькі адно палатно Фердынанда Рушчыца, якое знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея. 

Каб выправіць гэту прыкрую акалічнасць, “Белгазпрамбанк” адшукаў і набыў у сваю калекцыю іншы твор Рушчыца – пейзаж “Хлеў і азярод”, дадае прэс-служба ўстановы.

Карціна Фердынанда Рушчыца “Хлеў і азярод”. Фота з сайта belgazprombank.by.

Карціна Фердынанда Рушчыца “Хлеў і азярод”. Фота з сайта belgazprombank.by.

На гэтым маляўнічым эцюдзе намаляваныя наваколлі Багданава, дзе знаходзіўся радавы маёнтак майстра і дзе ён стварыў лепшыя са сваіх твораў. У вёсцы Багданава Валожынскага раёна знаходзіцца магіла мастака.

Даведка “РГ”. Фердынанд Рушчыц (1870, маёнтак Багданава каля Валожына – 1936, там жа) –  мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Майстар рамантычнага пейзажу. У 1892-1897 навучаўся жывапісу пад кіраўніцтвам І. Шышкіна і А. Куінджы ў імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. У 1904-1907 выкладаў жывапіс у Вучылішчы прыгожых мастацтваў у Кракаве, у 1907-1908 – прафесар Кракаўскай Акадэміі мастацтваў. У 1918-1919 кіраваў стварэннем мастацкага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні і быў яго першым дэканам. У 1921 стаў арганізатарам першай афіцыйнай выставы польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёна.