Скульптура “Вілляна” стала ўжо адной з візітовак Вілейкі. А больш даведацца пра творчасць яе аўтара Уладзіміра Слабодчыкава віляйчане маглі 17 красавіка.

У зале выстаў імя Сілівановіча адбылася прэзентацыя альбома “Уладзімір Слабодчыкаў. Скульптура”.

У выданні сабраныя выявы скульптур, якія зробленыя вядомым творцам. Толькі пералік яго званняў колькі месца зойме: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровы член Расійскай Акадэміі мастацтваў, член Брытанскага каралеўскага таварыства скульптараў. Больш за чвэрць стагоддзя ўраджэнец вёскі Даўгінава  ўзначальвае кафедру скульптуры ў Акадэміі мастацтваў.

– Уладзімір Слабодчыкаў удзельнічаў у мностве пленэраў за мяжой, яго працы знаходзяцца у разнастайных галерэях і музеях. Але мала хто можа пабываць у Швейцарыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Турцыі, паглядзець там яго працы,  – расказвае навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – А ў альбоме можна ўбачыць гэтыя і многія іншыя скульптуры. Вядома, і ў кнігу многае не ўвайшло. Уладзімір Слабодчыкаў стварыў шмат прац, і на 308 старонках умясціць яго скарбніцу немагчыма. Але самае асноўнае, яскравае і цікавае тут ёсць. 

Альбом ствараўся па еўрапейскім узоры. Тэкст у ім – на трох мовах. Найперш – на беларускай. А яшчэ –  рускай і англійскай.

“Ён жыве гэтай працай”

Прыехалі на прэзентацыю Уладзімір Слабодчыкаў і мастак-афарміцель выдання Аляксандр Кулажанка. Завіталі землякі скульптара – дэлегацыя з Даўгінаўскай школы. Дзяліліся, што ганарацца знакамітым земляком. Прыгадалі такі выпадак. Неяк прыязджаў Уладзімір у Даўгінава. Ля ракі знайшоў прыгожы камень і пачаў апрацоўваць. Падышоў аднавясковец і кажа: “А я то думаў, што ты касу кляпаеш”.

Гучалі пажаданні творцу ад старшыні раённага савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч. А Клаўдзія Дубовік прысвяціла яму верш. Гучала музыка ў выкананні ансамбля гітарыстаў “Адэліта” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лапціка.

 Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Паказалі на прэзентацыі відэафільм пра Уладзіміра Слабодчыкава.

– Асноўнае з гэтага фільма – яго фраза, што скульптура – гэта вялікая частка жыцця. Калі ў яго забраць скульптуру, то жыцця больш няма. Ён жыве гэтай працай. Вельмі ўдзячны сваёй сям’і: яны не крыўдуюць на тое, што шмат часу праводзіць у майстэрні, – кажа Надзея Аўдзей.

Па ініцыятыве творцы ў 2013 годзе ў Вілейцы прайшоў пленэр скульптараў. Удзельнічалі ў ім студэнты Акадэміі мастацтваў.  Хоча Уладзімір Слабодчыкаў яшчэ правесці падобны пленэр у Вілейцы.

 Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.