430 гадоў з дня нара­джэння Соф’і Слуцкай (1585 – 1612), рэлігійнай дзяячкі, беларускай праваслаўнай святой.

120 гадоў назад (1895) у Мінску адбылося першае святкаванне рабочымі 1 Мая.

***

85 гадоў з дня нара­джэння Алеся Петрашкевіча (1930 – 2012), беларускага драматурга, пісьменніка.  Кандыдат гістарычных навук, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

***

2 мая. 1897 год. Нара­дзіўся Андрэй Капуцкі (г. Маладзечна), пісьменнік, публіцыст, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху. Палякі пераследавалі камуніста, і ў 1927 годзе ён перабраўся ў Мінск. Думаў Андрэй Капуцкі, як і сотні такіх, як ён, заходніх беларусаў, што ўцякае да сваіх. І сапраўды, нейкі час яму далі папрацаваць у газеце “Звязда”, у часопісе “Полымя рэвалюцыі” і нават у ЦК КПБ, але неўзабаве арыштавалі і ў 1934 годзе расстралялі.

 ***

3 мая. Сусветны дзень свабоды друку.

***

4 мая. 40 гадоў назад (1975) заснаваны Мінскі інстытут культуры (адкрыўся 1 верасня 1975 года, ад 1993 года – Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў).

***

5 мая. 115 гадоў назад (1900) нарадзіўся Адольф Клімовіч (вёска Клюшчаны, цяпер Астравецкі раён), грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец, вязень савецкіх канцлагераў.

***

6 мая. 75 гадоў з дня нара­джэння (1940) Уладзіміра Ліпскага, беларускага пісьменніка, публіцыста. У 1978 годзе па рэкамендацыі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна Ліпскі быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. За гады працы ў гэтым выданні яму ўдалося вывесці “Вясёлку” на ўзровень лепшых дзіцячых часопісаў Еўропы, аб чым сведчаць шматлікія міжнародныя ўзнагароды. Пісьменнік стварыў цікавыя кніжкі для дзяцей: “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”, “Як Бог стварыў свет”, “Наша Маша”, “Я тут жыву” і іншыя. Многія творы пісьменніка інсцэніраваныя, гучалі на радыё і ажылі на блакітным экране. За кніжкі “Вясёлая азбука” і “Падкідыш” Уладзіміру Ліпскаму прысуджаная Літаратурная прэмія імя Янкі Маўра.