У зале выстаў імя Сілівановіча краязнаўчага музея 5 мая адбудзецца адкрыццё выставы Барыса Цітовіча “70 гадоў міру”. Пачатак – а 15 гадзіне.

Яна прысвечаная самым гераічным і трагічным старонкам гісторыі Вялікай Айчынай вайны.

– Значнае месца ў творчай спадчыне Барыса Цітовіча займае ваенная тэматыка – гэта цыкл работ “Прысвячэнне бацьку”,  – расказвае навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей. – Бацька мастака, Барыс Андрэевіч Цітовіч, быў кадравым ваенным, пайшоў на фронт лейтэнантам, вярнуўся ў званні маёра, працягваў службу ў арміі, даслужыўся да звання палкоўніка, але вельмі рана памер. У майстэрні мастака захоўваюцца партрэт бацькі і яго баявыя ўзнагароды.

Псіхалагізм вобразаў, філасоўскі роздум аб лёсе чалавека – адметная рыса графічнай серыі “Салдацкім удовам прысвячаецца”.

Даведка “РГ”. Барыс Цітовіч – мастак, удзельнік шматлікіх выстаў. Працуе у станкавай, кніжнай графіцы, жывапісе, іканаграфіі і сцэнаграфіі.

Намаганнямі Барыса і Валянціны Цітовічаў створаны мемарыяльны комплекс “Памяці падзей Першай Сусветнай вайны” ў вёсцы Заброддзе.