30 красавіка адкрылася выстава Уладзіміра Бізюка “Гама натхнення”. Яна будзе працаваць да лета.

Уладзімір Бізюк – самабытны мастак. Па адукацыі ён фізік, працуе дырэктарам школы-інтэрната ў Ашмянах. Мужчына прызнаецца, што павінна быць раўнавага паміж працай надзённай і працай для душы, таму карціны стварае менавіта для душы.

– Я заўсёды жыў у прыгожых мясцінах, – гаворыць Уладзімір Бізюк. – А гэта не магло не натхняць. Калі вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце ў БДУ, мяне акружалі людзі, якія ўмелі стварыць розныя вырабы. Патроху вучыўся ад іх, так і навучыўся маляваць.

Бацька і дзед самабытнага мастака былі сапраўднымі гаспадарамі, маглі і дом пабудаваць, і мэблю без цвіка зрабіць, і прыёмнік адрамантаваць. Вучыўся гэтаму ад іх.

– Заўсёды не хапае часу на захапленне, працую па выхадных, – прызнаецца мастак. – Зімой часу значна больш, чым у іншую пару года, таму праца больш плённая.

Работы праз некаторы час па-іншаму ўспрымаюцца

Уладзімір Бізюк заў­важае, што ў сваёй творчасці ён ні на каго не раўняецца, хаця чытае шмат мастацтвазнаўчай літаратуры, вывучае творчасць мастакоў, розныя мастацкія напрамкі.

– Мяне ўжо цяжка нечаму вучыць, – заўважае мужчына. – Таму ствараю карціны так, як навучыла жыццё. Хаця стараюся ўдасканальваць свае ўменні, калі бываю на выставах, вучуся новаму.

Большасць карцін Уладзіміра Бізюка – пейзажы. Але ёсць і партрэты, нацюрморты, яны нарысаваныя алоўкам. Калі мастак стварае пейзажы, стараецца знайсці незабруджаныя куточкі, некранутыя горадам. Малюе пераважна Ашмяншчыну, Смаргоншчыну, але ёсць і карціны Маладзечаншчыны, Вілейшчыны.

Як прызнаецца сам яго карціны ёсць у знаёмых, блізкіх, сяброў.

– Бывае, не сустракаеш доўгі час некага, потым прыязджаеш у госці і бачыш сваю работу – здаецца, што і па-іншаму глядзіцца, – заўважае мастак.

Самай любімай работы ў мастака няма, ёсць тыя, якія падабаюцца больш і якія падабаюцца менш, але самай любімай няма.

Па прафесіі фізік, у душы – лірык. На Ашмяншчыне адкрываецца выстава Уладзіміра Бізюка

Мастак з Вілейкі: “Раней карціны былі каляровыя, цяпер выказваю пачуцці чорна-белым колерам”

Мастак з Маладзечна Анатоль Акулік: “Нас лічаць лайдакамі”