У гэтай сям’і – усе калекцыянеры: мама і два сыны. Кожны збірае сваё, але ўсе дапамагаюць адзін аднаму папаўняць калекцыі. 

Імбрычкі са сваёй энергетыкай

Людміла Буркевіч збірае імбрычкі. Чаму менавіта іх?

– Напэўна, дзіцячыя ўспаміны паўплывалі. Бабуля збірала нас, 13 унукаў, даставала самавар, паіла чаем з варэннем. Такія светлыя ўспаміны…

Вось і свой першы экспанат Людміла ад бабулі прывезла. Ён выпушчаны ў 1955 годзе:

– Бабулін імбрычак мне асабліва дарагі, ён шмат чаго перажыў. У яго свая энергетыка.

Калекцыянуе жанчына імбрычкі год восем. У калекцыі ўжо каля 300 імбрычкаў і збаночкаў для вяршкоў. Усе экспанаты ўжо не змяшчаюцца дома, частка знаходзіцца ў старым будынку школы.

– Не скажу, што фанатычна іх скупляю: раз на месяц адзін ці два набываю. Ды і знаёмыя ведаюць, што імбрычкі збіраю. Прыносяць, дораць.

Ёсць у калекцыі імбрычкі з Германіі, Балгарыі, Кітая, Італіі, Польшчы і іншых краін. Шмат экзэмпляраў савецкіх фабрык. Адразу клеймы на імбрычках здаваліся Людміле нечым загадкавым. Цяпер жа пра фабрыкі ды пра гісторыю чаю і чайных традыцый можа шмат расказаць.

У калекцыі імбрычкі розных памераў, розных формаў – нават у выглядзе джыгіта. Кожны з іх па-свойму дарагі для ўладальніцы. Але найдаражэйшыя для яе тыя, якія дораць дзеці. Яны на кожнае свята імбрычак імкнуцца набыць. Вось на 8 Сакавіка падарылі імбрычак у выглядзе доміка.

“Пагляджу на імбрычкі – з’яўляецца натхненне”

Прафесія ў Людмілы ад творчасці далёкая: яна бухгалтар у прыватнай фірме.

 – Можа, ад таго, што маеш справу з сухімі лічбамі, і хочацца нечага творчага, – разважае. – Маё захапленне дапамагае мне ў жыцці. Пагляджу на імбрычкі – з’яўляецца натхненне, хочацца нешта ствараць, зрушваць горы.

 Складанымі чайнымі цырымоніямі,  накшталт кітайскай, у сям’і не захапляюцца. Заварваюць чай проста. У чорны чай любяць дадаваць мяту, ліпавы цвет, чабор – як некалі бабуля рабіла. Смак цудоўны! Але, прызнаецца Людміла, часцей усё ж каву п’е – рытм жыцця цяпер такі.

Сям'я Буркевічаў ля калекцыі імбрычкаў. Фота забяспечана Людмілай Буркевіч

Сям’я Буркевічаў ля калекцыі імбрычкаў. Фота забяспечана Людмілай Буркевіч

Па жыцці – з інтарэсам

Звычка калекцыянаваць ад мамы перадалася дзецям:  

– Хочацца хлопцаў далучыць да нечага карыснага, – кажа яна. – Калекцыянаванне дапамагае ім развівацца. У іх інтарэс з’яўляецца ў жыцці, яны больш чытаюць, шукаюць інфармацыю пра сваё захапленне.

Малодшы Уладзімір збірае значкі і медалі. Пачалося ўсё з дзедавых узнагарод. А цяпер у калекцыі больш за 350 экзэмпляраў. Яшчэ цікавяць яго паменшаныя копіі самалётаў і танкаў – звыш за 40 мадэляў сабраў. 

Свае калекцыі пяцікласнік выстаўляе ў школьным музеі. Ён шмат чытае пра ваенную тэхніку, глядзіць адпаведныя тэлеперадачы. Таму ўжо столькі ведае пра танкі ды самалёты!

– Былі на “Лініі Сталіна”. Ён здалёку называе, які гэта танк, тэхнічныя характарыстыкі пералічвае. Падыходжу бліжэй, чытаю – так і ёсць, – прыгадвае мама. –  Ведаю, дзе яго знайсці ў школе: на кожным перапынку ён у музеі.

Старэйшага Ягора цікавяць манеты. Сабраў іх больш за 300.

– Адразу пачынаў без разбору манеты розных краін збіраць, – кажа ён. – Цяпер больш цікавяць манеты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яны ж старадаўнія.

Захапленне дапамагае Ягору веды па гісторыі пашырыць. Пра кожную манету хочацца ж больш дазнацца. У сакавіку дзевяцікласнік удзельнічаў у выставе ў Вілейскім краязнаўчым музеі: у межах праекта “Тыдзень калекцыянера” дэманстраваў свае манеты.

Дзеці самі стараюцца на свае захапленні зарабіць – улетку збіраюць ягады і грыбы.

Каб засталіся сямейныя традыцыі

Яшчэ Людміла і яе сыны цікавяцца гісторыяй сваёй сям’і: радавод складаюць. Таксама гісторыяй Беларусі захапляюцца, разам падарожнічаюць па адметных мясцінах.

– Кожны з нас стварае свет вакол сябе сам. Так і я раблю. Вельмі хочацца, каб у сыноў засталіся цікавыя ўспаміны аб дзяцінстве, сямейныя традыцыі. Трэба закласці ў іх тое, каб яны не проста існавалі, а жылі мэтанакіравана, знайшлі сваё месца ў жыцці, –  па-філасофску кажа Людміла.

А з усіх калекцый, можа, калі і невялічкі музей з’явіцца – прынамсі, гаспадыня пра гэта марыць.