Падчас конкурсу-фестывалю будуць працаваць такія пляцоўкі, як “Кардонны горад”, “Рэканструкцыя забытых гульняў”, “Анёлы, якія лётаюць”. Фестываль будзе доўжыцца ад 15 да 17 мая.

Пачнецца фестываль моладзевым вечарам знаёмстваў. Ён пройдзе ў кафэ “Калумб” 14 мая ў восем вечара.

Праграма фестывалю на 15 мая

Адкрыццё фестывалю пачнецца у 11 гадзін. Праедуць байкеры, будзе падняты сцяг, удзельнікі выканаюць гімн.

На плошчы Палаца культуры удзельнікі створаць калектыўны калаж. У 12 гадзін дня тут жа – каманднае творчае спаборніцтва.

– Каманды загадзя павінны прадумаць ідэю, выбраць матэрыялы для будучага арт-аб’екта, – расказвае кіраўнік моладзевага клуба зносінаў і творчасці “Дыялог+” Палаца культуры Маладзечна арганізатар фестывалю творчых ініцыятыў “Час жыць!” Марына Валасковіч. – Каманда музкаледжа вызначылася з матэрыялам, яна будзе рыхтаваць кампазіцыю з пластыкавых бутэлек. Астатнія могуць зрабіць кампазіцыю з тканіны, паперы альбо з чаго іншага.

Каманды могуць выбраць сабе памочнікаў з ліку гледачоў, каб і яны ўдзельнічалі ў творчым працэсе.

Журы з ліку мастакоў і дызайнераў будзе ацэньваць работы па наступных прыкметах: крэатыўнасць і навізна ідэі, цэльнасць і эстэтычнасць вобразу, спрацаванасць каманды.

У гадзіну дня ў малой зале Палаца культуры пройдзе валанцёрская сустрэча “Чалавек чалавеку анёл”.

У тры гадзіны дня ў зімовым садзе Палаца культуры пройдзе прэзентацыя музычнага альбома Кацярыны Сянкевіч “Дзевяць адценняў чырвонага”.

У чатыры дня ў малой зале Палаца культуры – сустрэча і кінапаказ з фестывалем “Далонька”.

А шостай дня ў амфітэатры будзе рок-выступленне “Рок-блок”.

А палове дзявятай вечара на падворку маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага пройдзе прагляд фільмаў  “Начны паказ” з “Перпетум мобіле” і “Паляванне за рэальнасцю”.

Праграма фестывалю на 16 мая

Ад 10 да 12 дня ў Палацы культуры пройдуць майстар-класы па творчасці і самаразвіццю. У малой зале –  “Тры кіты публічнага маўлення”, трэнінг самапазнання “Калі жыццё – цяжкая штука” (аўдыторыя 331), арт-майстар-клас па букінанцы “Мой анёл” (аўдыторыя 318), майстар-клас па акцёрскім майстэрстве “Таямніцы чалавечага голасу” (аўдыторыя 101).

Апоўдні і да шасці вечара ў гарадскім парку Перамогі пачне працаваць творчая пляцоўка для дзяцей і бацькоў “Кардонны горад”.

Апоўдні ў малой зале Палаца культуры – творчая сустрэча ўдзельнікаў літаратурнага конкурсу з маладым беларускім пісьменнікам.

А палове трэцяй і да паловы шостай у канцэртнай зале Палаца культуры пройдзе конкурсная праграма. Яна ўключае музычную творчасць, аўтарскую песню, тэатральныя мініяцюры, аратарскае майстэрства.

А палове шостай на танцзале Палаца культуры – спектакль “Галаванога”.

А дзявятай вечара на пляцоўцы амфітэатра пройдзе танцавальны флэшмоб і моладзевая дыскатэка “Неба, поўнае зорак”.

Праграма фестывалю на 17 мая

Ад 10 і да 12 дня – трэнінг Вольгі Плісецкай “ЭКШН” у аўдыторыі 101 Палаца культуры. Ён працягнецца ў гадзіну дня.

Ад 12 да 12:15 – музычны флэшмоб у кінатэатры “Радзіма”.

А палове першай на плошчы Палаца культуры “Рэканструкцыя забытых гульняў”.

У тры гадзіны дня – майстар-клас па кантактнай імправізацыі Вікторыі Ігнаценкі “Лабараторыя руху” ў мастацкай школе.

Падвядуць вынікі фестывалю ў мастацкай школе а пятай дня.

Падчас фестывалю можна будзе наведаць фотавыставу “Жыццё праз аб’ектыў” у дзіцячай мастацкай школе. У бібліятэцы “Верасок” – выстава мастацкай творчасці навучэнцаў дзіцячага раённага цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У драматычным тэатры – выстава работ Вольгі Пескавой.