19-гадовы валожынец знік 19 сакавіка.

Хлопец працаваў па размеркаванні ў вёсцы Селішча трактарыстам, жыў у бабулі з дзядулем.

У той дзень паехаў у Валожын лячыць зубы і знік.

– Валожынскі Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу, – кажа старшы следчы Валожынскага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.

– Аператыўнікі паднялі на ногі ўсе магчымыя арганізацыі. Над пошукам хлопца працаваў цэлы аддзел. Мы праверылі ўсе бальніцы, манастыры. Разаслалі арыенціроўкі ў суседнія раёны, далі інфармацыю ў СМІ.

– Потым з’явілася інфармацыя ад сваякоў хлопца, – працягвае Юлія Селятыцкая, – што ён, магчыма, з’ехаў за мяжу. Супрацоўнікі Валожынскай міліцыі звязаліся з некаторымі замежнымі ведамствамі.

9 мая хлопец вярнуўся ў вёску.

Аказалася, што адпрацоўваць трактарыстам яму не хацелася.

І 19 сакавіка хлопец наўпрост збег у Мінск. Грошай, што ўзяў з сабой на лячэнне зубоў, хапіла для таго, каб цягам двух месяцаў здымаць кватэру ў Мінску. Тут жа ён пазнаёміўся з дзяўчынай, завязаліся адносіны. Грошы скончыліся, маладзён вярнуўся дадому.

Калі следчыя сталі яго саромець і пытацца, як можна так рабіць, з’ехаць і нікому не сказаць пра сваё месцазнаходжанне,  хлопец адказаў:

– Маё жыццё ў вёсцы стала сумным і аднастайным…