Ноч музеяў у Мінскім абласным краязнаўчым музеі была прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў. На мерапрыемстве быў сапраўдны аншлаг: прыйшлі навучэнцы каледжаў,  бацькі з дзецьмі, неабыякавыя да нашай гісторыі людзі. 

Першая частка мерапрыемства была прысвечаная 70-годдзю Перамогі “Не гасне памяці свечка”.

Гісторыю вайны паказалі рухамі

Прыйшоўшы ў залу, гледачы адразу акунуліся ў атмасферу трагічных падзей вайны, болю людзей, якія загінулі ў Хатыні, якія згубілі сваякоў. Творчы калектыў з Раёўкі рухамі, мімікай, голасам паказаў ваенны час. Перад вачамі гледачоў, быццам рэальныя, праляталі гісторыі людзей, якія перажылі вайну.

Удзельнікі творчага калектыву з Раёўкі. Фота Галіны Сініцы.

Удзельнікі творчага калектыву з Раёўкі. Фота Галіны Сініцы.

Фота Галіны Сініцы.

Фота Галіны Сініцы.

Дапамагаў стварыць атмасферу трагічнасці паўзмрок, асвячалі сцэну  толькі ліхтарыкі, якія гарэлі ўнізе. Выступоўцы былі ў адзенні жалобнага колеру – чорным. Адна з пастановак была прысвечаная жанчынам на вайне.

Творчы калектыў рухамі, мімікай паказаў ваенны час. Фота Галіны Сініцы.

Творчы калектыў рухамі, мімікай паказаў ваенны час. Фота Галіны Сініцы.

Пасля гледачоў чакала экскурсія па музейных экспанатах Вялікай Айчыннай вайны. Убачылі наведнікі знакамітыя плакаты часоў вайны, сярод якіх “Родина мать зовёт”, “Слава воину освободителю”, “Наше дело правое – победа будет за нами”, пісталет у кабуры Мікалая Андрыякіна, які знайшлі ў чысцінскіх балотах, рэшткі яго самалёта. Хірургічную сумку партызанскага хірурга Наталлі Мацісон. Рэчы генерала Івана Ляцецкага, які вызваляў Маладзечна і Барысаў.

Знакамітыя плакаты часоў вайны. Фота Галіны Сініцы.

Знакамітыя плакаты часоў вайны. Фота Галіны Сініцы.

Слуцкія паясы трымаюць у пальчатках

Да другой часткі мерапрыемства, якая была прысвечаная слуцкім паясам, у гледачоў быў вольны час. У фае яны маглі паглядзець фільм пра слуцкія паясы, абмеркаваць убачанае.

Супрацоўнікі музея доўга трымалі гледачоў у напружанні, перш чым паказаць слуцкія паясы: былі невялікія экскурсіі, якія знаёмілі з уборамі нашых продкаў, з помнікамі вайны 1812 года, са зборнікам вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”, у якім быў надрукаваны верш “Слуцкія ткачыхі”.

Падчас экскурсіі. Фота Галіны Сініцы.

Падчас экскурсіі. Фота Галіны Сініцы.

Можна было даведацца, што бранзалеты, ланцужкі, пярсцёнкі былі не проста ўпрыгожваннем жанчыны, а выконвалі функцыю абярэга ад нячыстай сілы. Верылі, што ланцужкі са званочкамі адганяюць яе. Пазней функцыю абярэга ўзяла на сябе вышыўка на нацыянальным уборы.

Галоўная захавальніца фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая трымае слуцкі пояс. Фота Галіны Сініцы.

Галоўная захавальніца фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая трымае слуцкі пояс. Фота Галіны Сініцы.

І нарэшце супрацоўніцы музея ўрачыста вынеслі слуцкія паясы. Пра іх гісторыю расказала намесніца дырэктара па навуковай рабоце Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец. Узгадаем адну з гісторый пра тое, як слуцкі пояс трапіў на радзіму.

– Адзін з паясоў прыехаў з Лондана, – расказала Наталля Палтавец. – У канцы 80-х гадоў доктар гістарычных навук Адам Мальдзіс ездзіў па Еўропе ў пошуках гістарычнай спадчыны. Тады ён пазнаёміўся з гісторыкам Анджэем Ціханавецкім. Падчас прыватнай гутаркі наш гісторык расказаў, што спрабуе вярнуць слуцкія паясы на радзіму. Анджэй узяў гэта на заметку, за свае сродкі на аўкцыёне ў Содбісе купіў слуцкі пояс. Пасля перадаў яго Мальдзісу. Анджэй заўсёды лічыў, што ён павінны нешта зрабіць для сваёй радзімы, вось і падарыў пояс.

Пра гісторыю слуцкіх паясоў расказала намесніца дырэктара па навуковай рабоце Наталля Палтавец. Фота Галіны Сініцы.

Пра гісторыю слуцкіх паясоў расказала намесніца дырэктара па навуковай рабоце Наталля Палтавец. Фота Галіны Сініцы.

Пра ноч музеяў гавораць наведнікі

Пра свае ўражанні з ночы музеяў расказала навучэнка Аксана Панамарова:

– Першы раз прый­шла на ноч музеяў, – захоплена расказвае дзяўчына. – Вельмі спадабалася выступленне творчага калектыву падчас першай часткі. Арганізатары дасканала падабралі музыку. І ад танцаў, і ад музыкі ішлі дрыжыкі па скуры.

Падзяліўся ўражаннямі і навучэнец Артур Субота:

– Штогод хаджу на ноч музеяў, – дзеліцца хлопец. – Спачатку прапанавалі схадзіць выкладчыкі ў каледжы. І так спадабалася, што цяпер хаджу па ўласным жаданні. Хацелася больш даведацца пра зброю, якую выкарыстоўвалі на вайне, якія ўзнагароды былі. Упершыню ўбачыў так шмат плакатаў.

10 фактаў пра слуцкія паясы, якія прагучалі падчас ночы музеяў

1. У асобных паясах налічваюць па 50 грамаў срэбра, па 100 грамаў золата.

2. Цана аднаго пояса прыраўноўвалася да гадавога даходу афіцэра арміі Рэчы Паспалітай.

3. Паводле доктара гістарычных навук Адама Мальдзіса, за час існавання слуцкай мануфактуры было выткана пяць тысяч паясоў, дзесяць з іх захоўваюцца ў Беларусі, больш за 80 – у дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, больш за 60 – у Львоўскім гістарычным музеі, 59 – у Варшаве.

4. За пяць дзён можна было выткаць адзін пояс. Ткалі іх мужчыны не разгінаючыся. На мануфактуры працавалі і жанчыны. Яны выконвалі самую тонкую работу, напрыклад, рабілі махры. Для гэтага на шаўковую нітку намотвалі залатую альбо срэбную. Таксама рыхтавалі шаўковыя ніткі для ткацтва.

5. Даўжынёй паясы былі да чатырох з паловай метраў, шырынёй – 30-35 сантыметраў. Вялікая рэдкасць, калі дасягаў 60 сантыметраў у шырыню.

6. У перыяд росквіту ў мануфактуры было 24 станкі. Адзін з іх  Ян Маджарскі кантрабандай вывез з Турцыі. Па яго падабенстве ствараліся астатнія.

7. Кожны пояс складаецца з трох частак: канчатак у выглядзе букета, сярэднік – самая доўгая частка пояса, абрамленне па ўсім поясе.

8. У Мінскі абласны краязнаўчы музей, які знаходзіцца ў Мала­дзечне, слуцкі пояс трапіў дзякуючы намаганням былога дырэктара музея Генадзя Каханоўскага.

9. Калі мануфактурай кіраваў Ян Маджарскі, слуцкі пояс падпісвалі лацінай, пасля кірыліцай.

10. Каб набыць пояс для музея ў Слуцку, людзі два гады збіралі грошы. Частку даў цукровы завод, частку назбіралі людзі. Калекцыянер увесь гэты час чакаў грошы.