А палове шостай раніцы 24 мая супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі жыхара Вілейкі. Адбылося гэта на рацэ Сэрвач паблізу вёскі Людвінова Вілейскага раёна.

Падчас веснавой забароны на лоўлю рыбы мужчына незаконна здабыў 14 ляшчоў і чатыры гусцяры. Для гэтага выкарыстоўваў дзве рыбалоўныя сеткі.

– Хоць рыба заважыла толькі восем кілаграмаў, за яе парушальніку давядзецца заплаціць больш за 25 мільёнаў рублёў. Акрамя сетак і рыбы, у браканьера  канфіскавалі лодку, – расказаў старшы дзяржінспектар Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Хіла.

На месца затрымання выклікалі следча-аператыўную групу Вілейскага РАУС і прадстаўніка райаддзела Следчага камітэта, куды перадалі матэрыялы для правядзення праверкі і прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы за незаконную здабычу рыбы.

Апроч пакрыцця шкоды і кошту рыбы, парушальніку пагражае альбо штраф ад дзевяці мільёнаў рублёў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да двух год.