У пачатку навучальнага года ў Маладзечанскім раёне стартаваў праект “Знакамітыя выпускнікі”. Для Палачанскай сярэдняй школы не стаяла складанага пытання ў выбары кандыдатуры.

Ім стаў Міхась Казлоўскі, вядомы грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, рэдактар, выдавец, які ў 1977 годзе скончыў Палачанскую сярэднюю школу.

На працягу навучальнага года творчая група настаўнікаў і вучняў па рэалізацыі праекта збірала звесткі пра жыццё і дзейнасць знакамітага выпускніка,  ладзіла сустрэчы з Міхасём Міхасевічам. Ва ўстанове адукацыі створаны  інфармацыйны стэнд, папаўняецца фотаматэрыяламі альбом “Знакамітыя выпускнікі”, рыхтуецца вучнямі экспазіцыя ў краязнаўчым пакоі ўстановы адукацыі. А цікавага матэрыялу дастаткова, таму што Міхась Міхасевіч заўсёды з задавальненнем прыязджае ў родную школу, расказвае пра творчыя планы, дзеліцца навінамі, якія адбываюцца ў яго жыцці.

20 мая Палачанская сярэдняя школа сустракала дарагіх гасцей. Міхась Міхасевіч разам з Маладзечанскімі пісьменнікамі  Галінай Асіповіч і Аляксандрам Хазянінам  завіталі на творчую сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі школы. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры гучалі пранікнёныя радкі пра шчасце і добрых людзей, пра школу і настаўнікаў, пра родную вёску і пра любоў да вялікай Радзімы.

Галіна Уладзіміраўна пачала сваё выступленне з пытання: “Ці існуе сусветная ўсеагульная ідэя шчасця?” Паэтка пераканана ў тым, што адным з вытокаў шчасця з’яўляецца культура і літаратура. І вучням нашым параіла бачыць прыгажосць вакол сябе і занатоўваць яе ў паэтычных радках або малюнках. Свой першы верш Галіна Уладзіміраўна напісала ў школьным узросце. Крыху госця расказала і пра свае жыццёвыя шляхі-дарогі, пра якія напісана ў прадмове да яе паэтычнага зборніка “Голас далёкай маладосці”. Вучні даведаліся, што ў  мінулым Галіна Уладзіміраўна была настаўніцай, і што лёс закінуў яе на Далёкую Поўнач, дзе яна працавала загадчыкам аддзела культуры горада Новы Урангой. Свой цікавы аповед паэтка, канечне ж, суправаджала вершамі – душэўнымі, шчырымі і цёплымі.

Міхась Казлоўскі прадставіў яшчэ аднаго свайго сябра – члена саюза пісьменнікаў і саюза журналістаў, заслужанага журналіста РБ, літаратара Аляксандра Хазяніна, больш знаёмага прысутным як былы галоўны рэдактар “Маладзечанскай газеты”. Аляксандр Аляксандравіч таксама чытаў урыўкі са сваіх празаічных мініяцюр. Можна сказаць, што лейтматывам яго творчасці сталі словы, з якімі ён звярнуўся да вучняў нашай школы: “Трэба, каб Радзіма для нас была даражэйшай за нас саміх”. 

Творы нашых гасцей змешчаны ў зборніку “Там, дзе Уша серабрыцца”. У ім, дзякуючы руплівай працы Міхася Казлоўскага, сабраны творы яшэ больш за 30 аўтараў-ураджэнцаў Маладзечаншчыны.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна выйшла яго кніга пра Язэпа Драздовіча, пра якую ён расказваў нам у лютым месяцы, а ўжо сёння Міхась Міхасевіч расказаў нам, што падрыхтаваў яшчэ адну кнігу пра сваю вёску Быкі, пра любімую настаўніцу Я.Ф.Чаплінскую, пра знакамітых землякоў-навукоўцаў, рупліўцаў роднай мовы і культуры. Праўда, назва  кнігі яшчэ не прыйшла, але, па словах Міхася Міхайлавіча, як бывае гэта часта ў творчых людзей, прыйдзе сама… пазней. І адразу ж нам узгадалася, як напрыканцы мінулай сустрэчы ён з сумам сказаў: “Шкада, што ў сутках толькі 24 гадзіны, а не 36”.

Вельмі прыемна і ганарова для нас, настаўнікаў і вучняў Палачанскай школы, што Міхась Міхасевіч заўсёды знойдзе час, каб завітаць у родную школу, адгарнуць для нас часта невядомыя старонкі  гісторыі і культуры нашай малой радзімы, пазнаёміць з выдатнымі людзьмі, а яшчэ і пакіне ў падарунак пару-другую цудоўных кніг і паабяцае новую цікавую сустрэчу. Напэўна, таму і запомніліся нам яго словы, звернутыя да вучняў: “Камп’ютар дае гатовую інфармацыю, а адказы на пытанні душы вы знойдзеце толькі ў кнігах.”