Жыў на здымным жыллі ў Мінску, а на малую радзіму прыязджаў… красці.

У курортным пасёлку Нарач (Купа) 14 сакавіка скраў скутар. Праз некалькі дзён увёў яшчэ адзін скутар з гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Нарач. Прыхапіў таксама ровар і бензатрымер.

Багатай на здабычу для яго выдалася ноч на 30 сакавіка. Ён учыніў адразу чатыры крадзяжы ў вёсцы Нарач. Прыхапіў мотаблок, два ровары, тэлевізар, выцяжку, посуд і нават дэпілятар і гальштукі.

Агулам скраў рэчаў амаль на 55 мільёнаў рублёў. Усё вывозіў у Мінск. Наймаў мікрааўтобус, тлумачыў, што пераязджае.

Каб прадаць скрадзенае, карыстаўся папулярным сайтам аб’яў. Прасіў крыху танней – і рэчы разыходзіліся.

Следчыя знайшлі іх у розных кутках Беларусі. Мотаблок аказаўся ў Рагачоўскім раёне, скутары – у Мінску і Маладзечанскім раёне. Але большасць скрадзеных рэчаў нарачанец збыў у сталіцы. Амаль усё адшукалі.

Пра гэта расказаў намеснік начальніка Мядзельскага райаддзела Следчага камітэта Беларусі Міхаіл Сакалдынскі. І даў параду, як не трапіць у непрыемную сітуацыю: 

– Калі купляеце рэчы па аб’яве ў інтэрнэце, лепш пацікаўцеся, ці ёсць дакументы на іх. Бо людзі куплялі дарагія рэчы, аддавалі грошы – а цяпер пакупкі ў іх забралі, каб вярнуць законным уладальнікам. Каб спагнаць свае грошы, ім трэба будзе падаваць на нарачанца ў суд.