Вечар 30 чэрвеня для таксіста Ігара, якога хацеў задушыць нецвярозы пасажыр,  мог скончыцца трагічна. І ўсе абставіны былі супраць яго.

Па-першае, пасля адпачынку ён павінны быў выходзіць на працу толькі 1 ліпеня, але вырашыў пайсці папрацаваць у ноч, а па-другое, ноччу ў службе таксі, у якой працуе Ігар, працаваў толькі адзін таксіст. І, калі б і захацеў яго паклікаць на дапамогу, наўрад ці гэта атрымалася б.

Датэлефанаваўшыся да Ігара, ён уздыхнуў і сказаў: “Ведаеце, лепей два ці тры разы атрымаць па мордзе, чым перажыць такое”…

Пераказваць эмоцыі чалавека, які знаходзіўся за некалькі крокаў ад смерці, мы не будзем. Проста дадзім яму выказацца:

“ Учора вечарам я стаяў у чарзе разам з іншымі таксістамі на чыгуначным вакзале. У 23:45 прыйшла электрычка, мае калегі разабралі сваіх пасажыраў. Я застаўся адзін. Тут да мяне з боку камер захоўвання падышоў чалавек, папрасіў адвесці яго на вуліцу Лібава-Роменскаю, да сталовай, ведаеце.

Я яшчэ падумаў: чаго гэта ён абышоў машыну і сеў ззаду за мной.

Але сеў у машыну і паехаў. Каля сталовай я спыніўся і спытаў, дзе яго высадзіць, ён адказаў, што мы едзем далей. Усю дарогу ён нешта мармытаў сабе пад нос, бубніў. Я не слухаў. Калі звярнулі на вуліцу Лебедзеўскую, ён раптам накінуў на мяне свой рэмень.

Я разгубіўся, спалохаўся. У мазгах прамільгнула думка, што на гэтым можа быць усё.

І стала зразумела, што трэба змагацца за жыццё ўсімі сіламі. Нейкімі неверагоднымі намаганнямі перакінуў рэмень з шыі на падбародак.

Я важу з сабой газавы балончык, але нашто той балончык, калі абедзве рукі занятыя.

Так, ёсць дыспетчар, але як сказаць ёй, што са мной здарылася бяда, калі рэмень душыць шыю, а на плячах усёй вагой вісіць дарослы мужык.

…Я заўважыў, што з дому выйшаў чалавек з вядром смецця. Я наваліўся на сігнал, хацеў прыцягнуць яго ўвагу.

А мужчына глядзіць на мяне і не разумее, што адбываецца ў салоне. Ноч, і фары ўключаныя.

Раптам з таго ж двара выехала машына, якая асвяціла салон, і стала бачна, што там робіцца. Мужчына з вядром смецця кінуўся мяне ратаваць. Мы разам скруцілі таго мужыка, трымалі, пакуль прыехала міліцыя. Калі ўсё было завершана, я спытаўся, як завуць майго ратавальніка і як з ім звязацца. Мужчына адказаў: “Вось прыдумаў, жыві спакойна і радуйся жыццю”.

Ігар працуе таксістам ужо дзявяты год. І такога раней ніколі не здаралася.

– І памяняў бы, здаецца, працу, але дзе тут знойдзеш яе чалавеку з вышэйшай інжынернай адукацыяй. А сям’ю карміць трэба. Таму буду засцерагаць сябе. Больш ніколі не павязу пасажыра на заднім сядзенні. І прыдумаю што-небудзь з крэслам, каб адкідвалася аўтаматычна.

У Маладзечне таксіста пасажыр спрабаваў задушыць рэменем