Здарэнне адбылося апоўначы 30 чэрвеня на вуліцы Лебедзеўскай у Маладзечне.

У міліцыю патэлефанаваў 27-гадовы кіроўца таксі і паведаміў, што пасажыр накінуў на яго рэмень і пачаў душыць.

Супрацоўнікі міліцыі, што прыбылі на месца здарэння, затрымалі 37-гадовага машыніста  “Маладзечнабудматэрыялы”, жыхара вёскі Палачаны.

Пра падрабязнасці здарэння “Рэгіянальнай газеце” расказаў следчы Маладзечанскага РАСК Дзмітры Якаўлеў:

– Пасля здарэння кіроўца таксі расказаў, што пасажыр сеў у машыну  на чыгуначным вакзале. Усю дарогу да вуліцы Лебедзеўскай ехаў моўчкі.

Гэтак жа моўчкі дастаў рэмень са сваіх штаноў і ззаду накінуў на шыю кіроўцу і стаў душыць.

Той адной рукой спрабаваў вызваліцца, а другой націснуў на аўтамабільны сігнал. Выпадковы прахожы заўважыў, што адбываецца ў машыне, адкрыў пасажырскія дзверы і выцягнуў зламысніка.

Пакуль вадзіцель таксі выклікаў міліцыю, трымаў хулігана. Сёння 37-гадовы нападнік не змог патлумачыць прычыну свайго ўчынку. Ні грошы, ні машына яму патрэбныя не былі. Вядома, што ў момант здарэння ён быў вельмі п’яны.

Таксіст, якога хацелі задушыць: “Адразу прамільгнула думка, няўжо на гэтым жыццё і скончыцца”