Сёлета суд Вілейскага раёна прыцягнуў да адказнасці за крадзяжы 36 чалавек. Сярод іх трое непаўнагадовых.

Звычайна крадуць альбо беспрацоўныя, альбо нецвярозыя, альбо неаднойчы судзімыя, альбо людзі, якія не маюць сям’і.

Крымінальная адказнасць за крадзяжы наступае ад 14 гадоў.

І часта крадуць проста з-за нядбайнасці саміх гаспадароў скрадзеных рэчаў.

Краў з кабінетаў у адміністрацыйных будынках

Гэтую справу суд Вілейскага раёна разгле­дзеў сёлета ў красавіку. Абвінавачаны дагэтуль быў судзімы ўжо 30 разоў. У тым ліку і за карыслівыя злачынствы. У Вілейцы ён краў 14 разоў.

Абвінавачаны ішоў у адміністрацыйныя будынкі і свабодна захо­дзіў у незачыненыя службовыя кабінеты. Там заглядваў у жаночыя сумачкі і выцягваў кашалькі з усім, што там было.

Яго прызналі вінаватым і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі строгага рэжыму.

Аднак прыгавор у законную сілу не ўступіў, паколькі абвінавачаны падаў касацыйную скаргу.

Сцягнуў са двара

Яшчэ адзін выпадак, калі у гаспадара рэчы маглі і не сцягнуць.

Сёлета 12 студзеня вынеслі прыгавор за крадзеж у аграгарадку Ілья Вілейскага раёна.

Абвінавачаны сцягнуў са двара аднаго з жыхароў сякеру і металічны ўзровень. Накрадзенае прадаў, а грошы патраціў на алкаголь, цыгарэты і ежу.

Яму прысудзілі 240 гадзін грамадскіх работ. Гэта 30 дзён васьміга­дзіннай працы. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Прыхапіў пакеты, якія віселі на дрэве

Сёлета 30 студзеня асудзілі за крадзеж каля сельскагаспадарчага поля, размешчанага паблізу вёскі Клыні Вілейскага раёна.

Абвінавачаны скраў два пакеты з прадуктамі харчавання, грашыма і асабістымі рэчамі. Гаспадары павесілі пакеты на дрэва, а самі пай­шлі працаваць на поле.

Сярод накрадзенага былі касметычка, ключы, два кавалкі вэнджанай грудзінкі, чатыры кавалкі хлеба, свежыя таматы, люстэрка, кашалёк з грашыма, дзве памады і іншае.

Злодзею прысудзілі 240  гадзін грамадскіх работ. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Гэтыя тры выпадкі выдатна ілюструюць, што магчымасць скрасці нярэдка правакуе злодзея.