Даць ці не даць паездзіць на сваім аўтамабілі? Перш чым вырашыць, варта ўзгадаць, што ў выпадку чаго давя­дзецца адказваць гаспадару машыны.

Сёлета ў маі ўступіў у законную сілу прыгавор суда Маладзечанскага раёна, згодна з якім кіроўцу прызналі вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

Згодна з заканадаўствам Беларусі, пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, павінна юрыдычная асоба або грамадзянін, якія валодаюць гэтай крыніцай на праве ўласнасці.

Кіроўцу прызначылі два гады выпраўленчых работ. Прычым з заробку штомесяц будуць утрымліваць 25 працэнтаў у даход дзяржавы, але не менш за адну базавую велічыню. Таксама яго пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартным сродкам цягам пяці гадоў.

24-гадовы маладзечанец рухаўся на легкавым аўтамабілі свайго бацькі. Праявіў неасцярожнасць і няўважлівасць на дарозе, парушыў правілы дарожнага руху. Ён своечасова не знізіў хуткасць і  не спыніў машыну, хаця меў для гэтага тэхнічную магчымасць. Не саступіў дарогу пешаходу, які рухаўся па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, і наехаў на яго.

У выніку апошні атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Прад’явіў іск – 100 мільёнаў рублёў

Падчас судовага разбіральніцтва пацярпелы прад’явіў іск аб спагнанні з абвінавачанага, а таксама з яго бацькі, паколькі ён з’яўляецца ўласнікам аўтамабіля, у роўных долях 100 мільёнаў рублёў як кампенсацыю маральнай шкоды.

На судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў сябе вінаватым цалкам і пагадзіўся пакрыць пацярпеламу прычыненую шкоду. Тым часам яго бацька іскавыя патрабаванні не прызнаў.

З улікам характару і ступені фізічных і маральных пакут пацярпелага суд вызначыў памер кампенсацыі маральнай шкоды – 50 мільёнаў рублёў. Суд спагнаў суму з бацькі абвінавачанага, адмовіўшы ў задавальненні іску да кіроўцы, які ў момант здарэння быў за рулём.

Пракуратура Мала­дзечанскага раёна заклікае ўдзельнікаў дарожнага руху быць уважлівымі і асцярожнымі, выконваць патрабаванні правілаў дарожнага руху, памятаць пра адказнасць за іх невыкананне, узважана падыходзіць да пытання перадачы свайго аўтамабіля іншай асобе.