Відэа размясціў у сеціве карыстальнік форума сайта auto.onliner.by.

Ён пракаментаваў відэа так:

– Хачу, каб гэта відэа стала папярэджаннем усім астатнім кіроўцам. Хоць і ніхто не пацярпеў, але тэма як заўсёды актуальная. Бацькам, падобна, прасцей потым цешыць сябе думкай, што вінаваты кіроўца, чым навучыць сваё ненагляднае дзіця пераходзіць дарогу ў належным месцы. Менавіта пераходзіць, а не выбягаць з-за машын. Большасць дзяцей ніжэй, чым багажнік у аўтамабілі, і ўбачыць іх немагчыма да апошняга моманту. А потым можа быць позна. У той раз дзеці цудам пазбеглі траўмаў, але ці заўсёды будзе так шанцаваць?
У гутарцы з карэспандэнтам Onliner.by кіроўца ўдакладніў некаторыя абставіны, якія не трапілі на відэа:

– Я ехаў на грузавым бусе, ён быў запоўнены таварам. Спыніцца адразу мне не ўдалося б пры іншых абставінах. Але ў дадзеным выпадку я з-за загрузкі проста не паспеў развіць хуткасць пасля праезду чыгункі – на шчасце, вядома. Калі на шляху з’явіліся дзеці, паспеў прыняць правей, што і выратавала ад аварыі. Калі выйшаў з машыны, дзяцей ужо перавёў нехта з дарослых (мясцовых жыхароў ці кіроўцаў). Аднак бацькі так і не з’явіліся. Нейкі час я чакаў, што нехта падыдзе і мы абмяркуем тое, што адбылося, аднак чакання апынуліся марнымі, і я з’ехаў.