Сама схадзіла ў краму і чакала дачку на школьным стадыёне. Там жа на лаве пакінула кашалёк з грашыма і банкаўскай карткай.

Знікненне кашалька заўважыла толькі назаўтра. Патэлефанавала ў банк з просьбай заблакаваць картку. І тут яе агарошылі, што пасля згубы з карткі знялі 900 тысяч рублёў. Жанчына звярнулася ў міліцыю.

Па запісе камеры відэаназірання ўстанавілі, што зняла грошы 32-гадовая мядзяльчанка. Яна не адмаўляла гэта. Аднак вылучыла версію, што папрасіў яе зняць грошы незнаёмы мужчына, паколькі сам не ўмеў карыстацца банкаматам.

Такой версіі трымалася ажно месяц. Урэшце вымушаная была прызнаць, што ўзяла чужыя грошы яна.

Як аказалася, кашалёк знайшоў сын на стадыёне. Прынёс дадому. Жанчына ціхенька ўзяла картку і  лісток з пін-кодам. Сыну ж загадала аднесці кашалёк назад на месца, дзе знайшоў.

А сама ўвечары паехала да банкамата ў паліклініцы і зняла грошы, расказаў намеснік начальніка Мядзельскага райаддзела Следчага камітэта Міхаіл Сакалдынскі.

27 ліпеня ўзбудзілі крымінальную справу за крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. Жанчына кампенсавала страты.

А Міхаіл Сакалдынскі яшчэ раз нагадвае, што не трэба захоўваць картку разам з пін-кодам.