Для маладзечанцаў ён такая ж славутасць, як і амфітэатр, фантан “Купалле” ці пешаходная вуліца. Яго называюць дзедам на роліках ці дзіваком. Упершыню сваю гісторыю ён распавядае чытачам “РГ”.

 

Яго завуць Вікенці Аляксандравіч Налівайка. Часам імя блытаюць, называюць Віктарам ці нават Валерай, нават у дакументах. Мужчыне не вельмі падабаюцца гэтыя імёны.

Ён ахвотна падзеліцца навінамі і сваімі думкамі, як быць шчаслівым. 62-гадовы мужчына – вялікі аматар здаровага ладу жыцця. А пачалася любоў да фізічнай культуры з інтэрната.

Інтэрнат

– Нарадзіўся ў Ашмянскім раёне. У чатыры гады трапіў у інтэрнат у сярэднюю групу, а брат – у малодшую. Я не ведаю, чаму мы апынуліся ў інтэрнаце, не буду нічога казаць пра маці. У дзяцінстве я не тое, каб гараваў, але моцна чакаў, што прыйдзе мама.

Брата спачатку ўвесь час за руку цягаў. У першы клас адправілі ў Гальшаны. Раней часта бывала, што дзяцей разлучалі, не ведаю чаму. Брата павезлі ў Ашмяны, дзесяць год там вучыўся. Таксама паспяховы ў спорце – па штанзе кандыдат майстра спорта, дзюдо займаўся.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Мяне кідалі па казённых дамах. Пасля Гальшан – у Парэчча. Дзявяты клас закончыў у Смаргонскім раёне. Праўда, заўсёды пыталіся, ці не супраць пераехаць. Так я і падарожнічаў.

Пазней знайшоў звесткі пра дзядулю і бабулю, але іх ужо не было. Пра маці нічога не вядома, яна як шпіён. Аказваецца, у мяне ёсць яшчэ брат і сястра – Антон і Гендрыка. Іх раней адправілі ў інтэрнат. А пасля іх сляды згубіліся. Ёсць надзея, што калі-небудзь знайду іх, гэта ж родная кроў.

Я прыязджаў у 25 год у сваю вёску. На станцыі Ашмяны выйшаў, 11 кіламетраў да вёскі ісці. У крайняй хаце пакармілі, паклалі спаць на падлогу. А раніцай гаспадыня паказала мой былы дом. Памятаў з дзяцінства ліпу – застаўся пень. Агарод, сад. Там ужо чужыя людзі жылі. Мог бы адсудзіць дом, але не стаў.

Фізкультура

Мы ў інтэрнаце ў Вярэйках Смаргонскага раёна аднойчы выпадкова знайшлі магілу салдата. Гулялі, убачылі рамень, пацягнулі за яго – вылезла скура. Раскапалі пасля. Там ужо разлажылася цела. А ў патроне была запіска, напісаная хімічным алоўкам, з дадзенымі чалавека. Перапахавалі, на брацкай магіле ўпісалі прозвішча, яго сваякі прыехалі з Расіі.

Я вучыўся някепска, а любімым прадметам заўсёды была фізкультура. Фізічная падрыхтоўка вельмі дапамагла ў жыцці. Нават цяпер: катаюся на ровары, двое ролікаў, яшчэ зімовыя канькі, адны хакейныя. Лыжы адны драўляныя, іншыя пластыкавыя. Заўсёды стараюся рухацца, шмат пешшу хадзіць. Машыны не меў, толькі мапед. Калі жонка памерла, трэба было помнік паставіць, вось яго і прадаў.

Вікенці Налівайка. Фота Зоі Хруцкай.

Вікенці Налівайка. Фота Зоі Хруцкай.

А спортам займаўся з дзяцінства. 500-метроўку за школу бегаў.

У інтэрнаце тэлевізара не было, так што гулялі ў футбол, пакуль не сцямнее. У каго былі цётка ці дзядзька, ці хоць які сваяк, з’язджалі на выхадныя. А чалавек 12 заставаліся. Гулялі ў тэніс, зімой – санкі кожнаму, хто старэйшы – лыжы ці канькі.

Спартзала заўсёды адчыненая – гулялі ў валейбол, баскетбол.

У казённых дамах фіззарадка нязменная: зубы пачысціў, ложак заправіў – і зарадка. У калектыве гэта прасцей, а такі парадак дысцыплінуе. Ад 5 класа ўмелі мыць посуд, падлогу. У арміі тое самае, што ў інтэрнаце, толькі зброю дадалі. Шэсць кіламетраў маршбрасок ва ўсім абмундзіраванні – нават весела, нібы ў вайнушку гуляў. А некаторым, асабліва курыльшчыкам, было цяжка.

Гэта натуральна, што чалавек жыве, пакуль рухаецца. Цяпер мы жывём у кватэрах, дзе ўсё на кнопках. Чалавек стаў гультаём, а так не павінна быць. Вось мае ролікі – сасуды працуюць, капіляры, дыхалка. А на канапе седзячы – дыханне слабое, сасуды слаба напаўняюцца. Так адно адно за адным у чалавека ўсё пачынае хварэць.

Па цэнтры выява дачкі. Фота Настассі Роўды, Зоі Хруцкай.

Па цэнтры выява дачкі. Фота Настассі Роўды, Зоі Хруцкай.

Захапленні

Пасля інтэрната на Смаргоншчыне пайшоў у ПТВ №42, стаў машыністам торфаўборачных машын, вось правы трактарыста 3 класа. Пасля вучылішча – ў армію, служыў у Мінску. Пасля арміі восем месяцаў працаваў па спецыяльнасці.

Потым паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Стаў тэхнікам-механікам і майстрам вытворчага навучання. Спортам займаўся ўжо сур’ёзна: на лыжах дзясятку кіламетраў даваў. Быў старастай групы, маляваў газету сваёй групы, а таксама тэхнікума. Здымалі з заняткаў выступаць на спартыўных мерапрыемствах. А яшчэ граў у струнным аркестры на мандаліне і ў духавым на ўдарным інструменце. І на танцах граў на ўдарных у маладосці. Мандаліна і цяпер дома ёсць.

Нацюрморт і замалёўка Вікенція. Фота Зоі Хруцкай.

Нацюрморт і замалёўка Вікенція. Фота Зоі Хруцкай.

Я з дзяцінства някепска маляваў, таму у 30 год пайшоў вучыцца ў Беразінскую мастацкую студыю. Займаўся пасля работы, закончыў на выдатна. Мой настаўнік быў вельмі дасведчаны мастак, я ў яго вучыўся пісаць алеем – Мікалай Якаўлевіч Шчаўканогаў. Ён быў знаёмы з мастачкай Ядвігай Раздзялоўскай, мастаком Міколам Аўчыннікавым, сябраваў з цымбалістам Юрыем Церабуном.

Я з Беразінскага ездзіў будаваць завод парашковай металургіі, выконваў бетонныя работы. У электрычцы набіваў руку – маляваў людзей, што спяваюць: вось тыповы селянін, нос які ў яго, бачыш. (Вікенці паказвае работы) А вось якая бабулька каларытная. Такія замалёўкі хутка робяцца, і добра трэніруюць. Тут настаўніца правярае работы. Царква ў Гарадзілаве. А вось дачку Інну маленькую намаляваў тушшу.

Замалёўкі спячых у электрычцы; выява бабулі. Фота Зоі Хруцкай.

Замалёўкі спячых у электрычцы; выява бабулі. Фота Зоі Хруцкай.

Пейзажы. Фота Зоі Хруцкай.

Пейзажы. Фота Зоі Хруцкай.

Вось акварэллю маляваў карціну, тут нібы дух жонкі лунае. А вось праца на тэму афганцаў. Зборны вобраз загінулага, якога памінаюць. Мой брат таксама не вярнуўся адтуль.

Прынёс вам вершы свае пачытаць: тут пра кветкі на дарозе, тут сябру напісаў. Можа, крыху сумныя. Я не хвалюся, што і малюю, і пішу, і граю, але ж вы запрасілі, дык трэба расказваць.

Пасля “парашкоў” працаваў майстрам на сваім участку, пасля апаратчыкам азотнай станцыі, потым на “Модулі”. Затым перайшоў у ахоўнікі. І цяпер у Дэпартаменце аховы.

Праца, прысвечаная першай жонцы; воінам Афганістана; царква.Фота Зоі Хруцкай.

Праца, прысвечаная першай жонцы; воінам Афганістана; царква.Фота Зоі Хруцкай.

Партрэты. Фота Зоі Хруцкай.

Партрэты. Фота Зоі Хруцкай.

Лад жыцця

З радасцю гляджу на маладых людзей, якія на роварах спрабуюць цікавыя фігуры зрабіць. Учора малады тата вучыў дзіця на роліках катацца. У таго не атрымлівалася, бацька папрасіў мяне павучыць. Не так і проста навучыцца.

Часам чую, што мне ў след кажуць: “О, ужо гэты дзед зноў паехаў”. Я не крыўдую, але няўжо не зразумела, што клапаціцца пра здароўе, рухацца – гэта натуральна, калі хочаш жыць?

Са страўніка зрабілі сметніцу. “Хуткасупы” я называю хуткаязвамі. Ты што, нармальны суп сабе зварыць не можаш? Я разумею, цяпер чалавек спяшаецца. Я таксама спяшаюся. Зварыў каструлю супу, наліў колькі трэба, падагрэў.

Мы ў паход на Нарач на пяць сутак хадзілі. Настаўнік казаў абуваць стары абутак, каб не намазоліў. Капалі калгасную бульбу. Вучыў, як палаткі ставіць, як распальваць вогніша, калі мокра, як арыентавацца. А цяпер што моладзь ўмее, калі камп’ютар забраць? Нават рацэпты не памятаюць.

У мяне ёсць агарод, гэта ж проста шчасце – рухаешся, калі даглядаеш, і прадукты свае, чыстыя. Я закатаў варэнне з дзьмухаўцоў, шчаўе з крапівой, кампоты.  Каліну стаўлю, кабачкі з алычой, салаты гатовыя – я ж ведаю, што ў слоіку.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Сям’я

Першая жонка Аня, яе пахаваў. Цяпер жыву з Ларысай. Дачка Інна жыве ў Мінску, унучка другі клас закончыла. Таксама любіць ролікі. Сёлета купілі ўжо падлеткавы ровар ёй. Малайчынка.

Вось так я і жыву, уключаю музыку, насоўваю навушнікі і катаюся на роліках.

Урывак верша Вікенція

                   Бомжи

Ночь, луна за тучи уплывает.

В воздухе морозном запах водки.

В теплотрассе бомжи засыпают,

Люк задраив, как в подводной лодке.

Утром встанут, и опять атака

На харчи, где можно только влезть.

С ними Филя, верная собака.

Из одной посуды будут есть.

Их судьба свела всех воедино.

Спившийся учитель, зэк и милый пёс.

Рынок, как таблетка азверина

Их мечты бесследно все унёс.

А учитель все живет учениками,

Золотое время было там.

И скупые слезы ручейками

По немытым потекли щекам.

И внезапно, описав по небу хорду,

Между тучами блеснуло в промежутке.

Вдруг собака резко вскинул морду

И завыл, отчаянно и жутко.

Дзядуля на роліках з Маладзечна ўпершыню дае інтэрв’ю – без словаў

• Текст доступен на языке: Русский