Увечары 22 чэрвеня на сваёй лодцы ён выйшаў на вадасховішча і паблізу вёскі Касута выставіў чатыры рыбалоўныя сеткі. Пазней мужчына лодку пакінуў на беразе і з’ехаў дадому. На наступны дзень у чатыры гадзіны раніцы паехаў на бераг вадасховішча.

На лодцы паплыў да месца, дзе выставіў сеткі. Пры дапамозе самаробнай прылады зняў іх.

Потым выйшаў на бераг і стаў вымаць рыбу з сетак – яе было шмат.  У гэты час да мужчыны падышоў інспектар аховы жывёльнага і расліннага свету, які і затрымаў яго.

Здабыў мужчына 38 судакоў, 11 акунёў, пяць ляшчоў, тры карасі серабрыстыя і два шчупакі. Тым самым нанёс шкоду навакольнаму асяроддзю ў памеры больш за 47 мільёнаў рублёў – гэта значыць, у асабліва буйным памеры.

Цяпер мужчына кампенсаваў шкоду цалкам.

Падчас судовага пасяджэння ён вінаватым сябе прызнаў цалкам, ў зробленым раскаяўся.

Суд прысудзіў прызнаць яго вінаватым у здабычы рыбы забароненымі прыладамі і спосабамі, якая прывяла да прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры. Прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год са штрафам у 13 з паловай мільёнаў рублёў.

Выкананне асноўнага пакарання адтэрмінавалі на тэрмін адзін год шэсць месяцаў. Мужчыну абавязалі на працягу ўсяго тэрміну перыядычна з’яўляцца на рэгістрацыю ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства.

Устанавілі месячны тэрмін з дня ўступлення прысуду ў законную сілу для добраахвотнай выплаты штрафу.

Прысуд абскарджаны, апратэставаны не быў і ўступіў у законную сілу.