За адны суткі пілу купілі, скралі, прадалі, заявілі ў міліцыю і затрымалі злодзея.

Гэта гісторыя здарылася ў пачатку жніўня ў вёсцы Зарэчча, што на Валожыншчыне.

Жыхары Мінска, у якіх лецішча ў Зарэччы, купілі новую пілу і прывезлі яе ў Зарэчча.

У гэты ж дзень іх сусед, які нідзе не працуе, прыйшоў у госці. Заўважыў пакупку, якая, дарэчы, каштавала 2 мільёны рублёў. Вечарам таго ж дня вярнуўся ў дом да суседзяў і скраў інструмент.

Назаўтра яшчэ адным жыхарам той жа вёскі прадаў цыркулярку за 600 тысяч рублёў.

Гаспадары пілы хутка выявілі прапажу і паведамілі пра гэта ў міліцыю. Злодзея затрымалі.

За гэтую “здзелку” жыхару Зарэчча пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі, расказаў “Рэгіянальнай газеце” следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Ілля Глінскі.