Здарэнне адбылося 18 жніўня ў вёсцы Лужаны Дорскага сельсавета Валожынскага раёна. 

У службу выратавання паступіла паведамленне, што гарыць аднапавярховы драўляны жылы дом. У выніку пажару агнём знішчаны дах, пашкоджаныя сцены, перагародкі, столь, аконныя і дзвярныя праёмы. Маёмасць, якая была ў доме, знішчаная.

У жылым пакоі на ложку знойдзены труп сужытніцы гаспадара, 57-гадовай жанчыны. 

Гаспадар дома расказаў выратавальнікам, што раніцай гэтага дня яны разам паехалі ў Валожын па пенсію, пасля чаго распівалі спіртныя напоі.

Вярнуліся ў Лужаны прыкладна ў 11 гадзін. Паабедаўшы, ляглі спаць. Каля 20 гадзін гаспадар прачнуўся і выйшаў на вуліцу. Вяртаючыся ў дом, ён заўважыў у акне агонь. Веранда была зачыненая знутры. Разбіўшы акно, спрабаваў тушыць агонь вадой.

Падчас агляду ўстаноўлена, што найбольшыя тэрмічныя пашкоджанні ў жылым пакоі былі каля загінулай. Слядоў электрычнай праводкі ў дадзеным месцы няма.

Гэта значыць, што найбольш верагодная прычына пажару –неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні загінулай.

– Больш за тое, як расказаў выратавальнікам гаспадар дома, гэты выпадак не першы, калі з-за курэння загінулай у доме гарэлі пасцельныя прыналежнасці, – патлумачыў “Рэгіянальнай газеце” старшы інспектар інспекцыі нагляду і прапаганды Валожынскага РАНС Алег Калітнік.