Па версіі следства, галоўная дзеючая асоба гэтай крымінальнай гісторыі – 44-гадовая жыхарка Івянца.

Як распавёў старшы следчы Валожынскага РАСК Сяргей Лапцік, жанчына, якая была неаднаразова судзімая, вяла антысацыяльны лад жыцця, у кампаніі разам з такімі ж сяброўкамі распівала спіртныя напоі ў парку.

Калі праз парк праходзіў мужчына, дамы вырашылі з ім пазнаёміцца і раскруціць на тое, каб ён пачаставаў іх, купіўшы яшчэ адну бутэльку гарэлкі.

Калі разам выпілі купленую бутэльку, мужчына ап’янеў. Тады жанчына вырашыла папрасіць яго купіць яшчэ адну бутэльку.

Падвыпіўшы мужчына дастаў з кішэні кучу грошай і сказаў:

– Вазьмі сама, колькі трэба.

Сярод купюр былі дзве паперкі па 200 тысяч і драбяза.

Жанчына ўцяміла, што мужчына п’яны і наўрад ці на раніцу ўспомніць, колькі ў яго было грошай, і забрала гэтыя дзве паперкі па 200 тысяч. А драбязу вярнула са словамі: “На, тут ўсё роўна на бутэльку не хапае”.

Раніцай мужчына не знайшоў у кішэні грошы і звярнуўся ў міліцыю.

Супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа.

Абвіначванне жанчыне прад’яўлена, справа накіраваная ў суд.