У рэшце рэшт яго злавілі, а інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў зачынілі. Цяпер справа разглядаецца ў судзе. Калі абвінавачанага прызнаюць вінаватым, яму пагражае больш за дзесяць гадоў зняволення.

Па версіі следства, наркадылер зарэгістраваўся ў інтэрнэце пад нікам Чорны Кот.

Сярод наркаманаў інфармацыя пра тое, дзе можна дастаць наркотык, распаўсюджваецца імгненна. Таму ў прадпрымальнага маладзёна хутка з’явілася шмат кліентаў, распавёў “РГ” начальнік аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дзмітры Сухоцкі.

– Асноўнае, на чым трымаўся гэты бізнес – ананімнасць, – распавядае Дзмітры Сухоцкі. – Мы мелі нік, але хто гэта? Правяралі яго ад 2013 года, сёлета ў красавіку затрымалі.

Следчы мяркуе, што, хутчэй за ўсё, маладзечанскія падлеткі даставалі наркотыкі менавіта праз яго. Дылер наняў на працу “мінёраў”, якія раскладвалі па горадзе так званыя “закладкі”, пакецікі з наркотыкам. Грошы ішлі Кату на электронны кашалёк. Калі яму прыходзіла інфармацыя пра новыя грашовыя паступленні, ён скідваў праз інтэрнэт “мінёру” адрас “закладкі”.

–  “Мінёраў” затрымаць складана, яны не сустракаюцца адзін з адным. Перадаюць наймальніку залог, а потым атрымліваюць заробак у выглядзе “закладкі”. Яны не ведаюць свайго “шэфа”, ён не ведае “закладчыкаў”, – тлумачыць Дзмітры Сухоцкі.

Пад абвінавачанага маладзёна пачалі “капаць”, калі паступіла інфармацыя, што, хутчэй за ўсё, менавіта ён ­– Кот. Следчы кажа, што калі перадавалі матэрыялы ў суд, ужо былі відэазапісы, на якіх бачна, як менавіта гэты хлопец здымае грошы з карткі Чорнага Ката.

Зарабляў ён шмат. Мог атрымаць некалькі тысяч долараў цягам месяца. Але пры затрыманні вялікіх грошай у яго не было.

– Куды спусціў? Кажа, на прыгожае жыццё: дарагія тэлефоны, падарункі дзяўчатам. Гэты хлопец няпросты, дзейнічаў хітра. Тры месяцы працаваў, два – адпачываў, – заўважае Дзмітры Сухоцкі.

Калі абвінавачанага затрымалі, ён ужо жыў у Мінску. Вучыўся завочна, працаваў на заводзе.

Следчы кажа, што сам хлопец наркотыкі не ўжываў. Аднойчы паспрабаваў, ледзьве не аддаў канцы, і вырашыў больш не эксперыментаваць.

Калі б следчыя даказалі, што абвінавачаны ведаў, што ў яго набываюць наркотыкі непаўнагадовыя, яму б пагражала да 25 гадоў пазбаўлення волі. Аднак, хутчэй за ўсё, хлопец не ведаў, каму прадаваў. Тым не менш, тэрмін яму пагражае вялікі. Цяпер справа на стадыі завяршэння разгляду ў судзе.

Маладзечанца асудзілі за педафілію. Сярод пацярпелых 9-гадовыя дзеці