Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Гродзенскай і Смаргонскай міліцыі раскрыты дзёрзкі разбой, здзейснены ў дачыненні да мужа і жонкі з Расіі, якія знаходзіліся ў службовай камандзіроўцы на тэрыторыі нашай краіны.

Муж з жонкай 1965-га і 1971-га гадоў нараджэння займаюцца рамонтам рэфрыжэратараў і ў замежных паездках жылі ў вагоне, на які і напалі падазраваныя.

Вагон стаяў у тупіку каля вёскі Залессе Смаргонскага раёна. Аказалася, што ў гэтым жа вагончыку жыла сяброўка аднаго з падазраваных, а з пацярпелымі ён пазнаёміўся яшчэ ў мінулым годзе.

Убачыўшы, што яны зноў тут, мужчына зайшоў у госці, дзе ўсе разам выпілі.

Пасля гэтага госця праводзілі на цягнік, аднак да свайго прыпынку ён не даехаў.

Па дарозе мужчына вырашыў абрабаваць тых, з кім толькі што піў. Праз нейкі час ён вярнуўся да вагона разам з прыяцелем і, надзеўшы маскі, нападнікі ўварваліся ўнутр.

Падазраваны адразу ж некалькі разоў ударыў драўляным табурэтам і кубкам мужчыну па галаве, з-за чаго той страціў прытомнасць.

Дасталася і яго жонцы. Жанчыне некалькі разоў стукнулі ў твар і пад пагрозай далейшага прымянення гвалту вымусілі аддаць залатыя завушніцы, ланцужок і ноўтбук.

Каб зламыснікі больш не чапалі мужа, жонка прапанавала ім малдаўскія леі, але нападнікі  гэтымі замежнымі грашыма не зацікавіліся – палічылі “неліквіднымі”.

Здзейсніўшы разбой, злачынцы зніклі. Той мужчына, чыя сяброўка жыве ў Залессі, падарыў ёй скрадзеныя залатыя завушніцы. Ланцужок прадалі, а месцазнаходжанне ноўтбука ўстанаўліваецца.