Пра знаходку на сваім агародзе паведаміў у аператыўна-дзяжурную службу Валожынскага РАУС жыхар Івянца.

18 кастрычніка падчас сельскагаспадарчых работ на сваім участку ў вёсцы Курдуны ён знайшоў 43 патроны калібру 7,62 міліметра часоў Другой сусветнай вайны.

Валожынскім РАУС прызначаная балістычная экспертыза.

– Сёння эксперты-крыміналісты ведаюць, што гэтыя патроны ад вінтоўкі Мосіна. І выпушчаныя яны ў першым паўгоддзі 1920 года, – расказаў “Рэгіянальнай газеце” намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Валожынскага РАУС Сяргей Гелда.

Сяргей Аляксандравіч дадае, што ў вёсцы Курдуны абследавалі блізкую да знаходкі плошчу, але больш боепрыпасаў не знайшлі.

І гэта першая знаходка ў гэтай вёсцы. А год таму ў вёсцы Раднікі, што таксама на Валожыншчыне, былі знойдзеныя вінтоўкі 1886-1888 году выпуску і 630 патронаў.