У адным са здарэнняў кіроўца, якая наехала на пешахода, спачатку выйшла і спыталася, як адчувае сябе пацярпелая, а потым завярнулася і з’ехала з месца здарэння.

Пра здарэнні распавёў “РГ” дзяржаўтаінспектар Сяргей Бартош.

Малады чалавек наехаў на 73-гадовую жанчыну

11 снежня каля 8 гадзін раніцы 24-гадовы маладзечанец на “Хундаі І30” ехаў па вуліцы Будаўнікоў з боку Скарыны.

На пешаходным пераходзе каля “Дома быту” ён наехаў на 73-гадовую жанчыну.

Як пасля патлумачыў кіроўца, ён проста не заўважыў жанчыну. Убачыць яе замінала машына, якая ў гэты час ехала ў сустрэчным накірунку.

Пацярпелую маладзечанку даставілі ў прыёмны пакой Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Падчас удару яна пашкодзіла звязкі галёнкаступнёвага сустава, атрымала ўдар грудзіны і лба, ранкі на губе. Жанчыну адпусцілі дамоў.

На кіроўцу склалі адміністрацыйны пратакол.

Кіроўца збіла жанчыну і з’ехала з месца здарэння

У нядзелю, 13 снежня, 31-гадовая маладзечанка на “Сітраэне-Гранд С4 Пікаса” ехала па Вялікім Гасцінцы ў накірунку Смаргоні.

Падчас левага павароту на вуліцу Драздовіча яна наехала на 56-гадовую маладзечанку, якая пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе.

Па словах пацярпелай, кіроўца выйшла з машыны, падышла і пачала размаўляць, дапамагала падняцца. Аднак пасля таго, як пацярпелая сказала, што будзе выклікаць ДАІ, кіроўца села і з’ехала з месца здарэння ў накірунку Насілава.

Пацярпелая заявіла ў міліцыю.

Кіроўцу “Сітраэна” затрымалі ў той жа дзень каля 21 гадзіны на перакрыжаванні Касманаўтаў і Магістральнай. Жанчыну даставілі ў РАУС для далейшага разбіральніцтва.

На кіроўцу склалі два пратаколы: за наезд і за тое, што з’ехала з месца здарэння.

Спонсар рубрыкі “Здарэнні” – СТА ў Маладзечне па Віленскай, 40-б. 

Снег, дождж, павышаная вільготнасць – гэтыя фактары паскараюць карозію на вашым аўто. Як вынік, ён хутчэй старэе. Каб машына была як новенькая і на хаду, вам неабходна рабіць антыкаразійную апрацоўку. Асабліва гэта актуальна перад зімой.

У СТА вам прапануюць апрацаваць днішча, колавыя аркі, схаваныя поласці. Спецыялісты аказваюць фарбавальныя, зварачныя работы, аргонавую зварку.

За паслугі вы можаце разлічыцца наяўнымі і безнаяўнымі грашыма.

Нашы тэлефоны: (8029) 3239999, (8033) 3239999.       

 Блоцкі Д.Г. УНП 6913955731