У сераду, 17 лютага, днём па вуліцы Віленскай пранеслася на вялікай хуткасці машына ДАІ.

Адзін з гарадскіх аўтааматараў зняў гэту пагоню на свой відэарэгістратар і выклаў відэазапіс у сеціва.

У каментарах пад відэазапісам з’явіліся паведамленні пра тое, што машына ДАІ ехала на хуткасці 120 км/ч і што ў гэты момант дарогу пераходзіла дзяўчынка.

Па каментар і тлумачэнне сітуацыі мы звярнуліся да дзяржаўтаінспектара Маладзечанскай ДАІ Сяргея Бартоша.

– У ДАІ паступіла паведамленне, што па вуліцы Віленскай едзе аўтамабіль “Вольва”, за рулём якой, мяркуецца, нецвярозы вадзіцель. Да гэтага месца быў арыентаваны экіпаж ДАІ. На вуліцы Чарняхоўскага супрацоўнікі ДАІ заўважылі парушальніка. Аднак затрымаць яго ўдалося толькі на вуліцы Чэхава, каля дома №3.

Парушальнікам аказаўся 32-гадовы кіроўца, які кіраваў машынай у стане алкагольнага ап’янення. Як высветлілася пасля, мужчына ўжо прыцягваўся да адказнасці ў снежні 2012 года. Тады яго пазбавілі правоў за кіраванне ў нецвярозым стане.

На гэты раз  на вадзіцеля склалі пратаколы па артыкулах 18.19, 18.21, 18.12, 18.16. Гэтыя артыкулы прадугледжваюць пакаранне за  язду без тэхагляду, без рэменя бяспекі, за невыканання патрабаванняў ДАІ спыніцца.

Што датычыцца відэазапісу з рэгістратара, на якім бачна, што дарогу пераходзіць дзяўчынка, Сяргей Бартош патлумачыў, што ў адпаведнасці з пунктам 25 правілаў дарожнага руху супрацоўнікі ДАІ на транспартным сродку аператыўнага прызначэння з уключанымі пробліскавымі маячкамі сіняга і сіне-чырвонага колеру могуць адступаць ад патрабаванняў дарожных знакаў, святлафораў, разметкі і іншых пунктаў. 

– Вы лічыце, што такія меры і такая высокая хуткасць экіпажа ДАІ была апраўданая ў сітуацыі, калі трэба было затрымаць нецвярозага вадзіцеля?

– Усе меры, якія прадпрымаюць супрацоўнікі ДАІ, апраўданыя. А кіроўцы, што абмяркоўваюць гэта, лепей бы за сваімі парушэннямі сачылі. Што тычыцца сітуацыі з дзяўчынкай-пешаходам, то варта было б нагадаць правілы дарожнага руху, што пешаходам забараняецца выходзіць або перасякаць праезную частку, а тым, хто апынуўся ў гэты момант на праезнай частцы, трэба яе пакінуць, выконваючы меры перасцярогі.