За мінулы 2015 год падраздзяленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі на тэрыторыі Мінскай вобласці выявілі 90 фактаў распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце. 

З іх пяць выпадкаў звязаныя з распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў з выявай заведама непаўналетніх.

З году ў год папулярнасць сацсетак расце, павялічваецца колькасць іх карыстальнікаў. Многія легкадумна ставяцца да зместу, які размяшчаюць на сваіх асабістых старонках. Тым часам правілы для карыстальнікаў большасці папулярных сацсетак забараняюць размяшчэнне матэрыялаў парнаграфічнага характару, а таксама тых, у якіх ёсць сцэны гвалту і жорсткасці.

Пры гэтым важна ведаць, што размяшчэнне ў сябе на старонцы парнаграфічных матэрыялаў альбо спасылак на іх у вольным доступе для іншых карыстальнікаў кваліфікуецца як рэкламаванне парнаграфіі. А гэта ўжо злачынства, за якое пагражае пазбаўленне волі ад трох да васьмі гадоў.

Летась абласныя падраздзяленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ўстанавілі 45 злачынстваў, звязаных з сэксуальным гвалтам у адносінах да непаўналетніх.

У шматлікіх выпадках гэтага можна было пазбегнуць, калі б бацькі былі больш уважлівымі, а дзеці – больш ведалі пра магчымыя пагрозы, якія могуць сыхо­дзіць ад незнаёмцаў.

Парады бацькам, якія зменшаць рызыку дзіцяці стаць ахвярай педафіла:

1. Навучыце дзіця не размаўляць з незнаёмымі людзьмі.

Педафілы амаль ніколі не цягнуць дзіця сілай, а выкарыстоўваюць хітрыкі. Дзеці даверлівыя, і часцей за ўсё іх адводзяць з дапамогай звычайнай гутаркі.

2. Праводзьце прафілактычныя гутаркі з дзіцем, гаварыце, што нельга сыходзіць з незнаёмцамі.

Калі дзіцяці пяць гадоў, дастаткова сказаць, што нельга сыходзіць з незнаёмцамі і варта знаходзіцца побач з добра знаёмымі людзьмі. Для гэтага ўзросту такой інфармацыі дастаткова. Дзеці разумеюць фармальны бок: тое, што чужы дзядзька – гэта дрэнна. Аднак да канца сутнасці пагрозы дзіця не ўсведамляе. Дзецям, старэйшым за дзесяць гадоў, ужо можна расказаць пра наступствы і канкрэтныя пагрозы ад педафіла. Натуральна, гэту інфармацыю трэба падаваць, зыходзячы з інтэлектуальнага развіцця дзіцяці, вельмі асцярожна, каб не траўмаваць псіхіку.

3. Не пакідайце дзяцей без нагляду на дзіцячай пляцоўцы.

У крайнім выпадку, прасіце добра знаёмых людзей паназіраць за дзіцем.

4. Апранайце дзіця ў яркае адзенне.

Калі дзіця апранутае ў штодзённае адзенне не яркіх колераў, іншыя людзі могуць не заўважыць, напрыклад, яго адсутнасць на дзіцячай пляцоўцы. Да таго ж, яркае адзенне дапамагае шукаць дзіця. Кідкія рэчы заўважныя і застаюцца ў памяці навакольных.

5. Педафіл – неабавязкова мужчына.

Звесці дзіця можа і жанчына, і нават іншае дзіця. У свядомасці дзіцяці неабходна стварыць паняцце “незнаёмы чалавек”.

6. Растлумачыць дзіцяці, што вельмі важна заставацца ў людных месцах.

У выпадку, калі хто-небудзь кліча паказаць дарогу, паспрабаваць марозіва ці шакаладку, дзіцяці трэба адвярнуцца і адысці ад гэтага чалавека і ісці туды, дзе ёсць людзі.

7. Кантралюйце актыўнасць дзіцяці ў інтэрнэце, круг яго зносін у сацсетках.

Інтэрнэт – найбольш зручная для педафілаў пляцоўка для пошуку сваіх патэнцыйных ахвяр. Апошнія могуць уступаць у перапіску з дзецьмі пад выглядам аднагодкаў, знакамітасцяў, аднадумцаў па камп’ютарных гульнях ці хобі. Як правіла, мэтай перапіскі з’яўляецца ўсталяванне ступені ўразлівасці дзіцяці і выманьванне яго на асабістую сустрэчу.