Станоўча ацанілі змены ў сваім матэрыяльным становішчы ў параўнанні з 2014 годам 10,7% хатніх гаспадарак. На стабільнасць матэрыяльнага становішча паказалі 55,7% хатніх гаспадарак.

Сярод хатніх гаспадарак, якія адзначылі паляпшэнне матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, 35,6% звязваюць гэта са з’яўленнем новай або дадатковай крыніцы працоўных даходаў, 26,5% – з павышэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, 16,9% – са з’яўленнем даходу, не звязанага з працоўнай дзейнасцю (ад здачы ўнаймы нерухомасці, продажу сельскагаспадарчай прадукцыі і гэтак далей), 13,6% – з павышэннем пенсій або дапамог.

Амаль для паловы (47,7%) хатніх гаспадарак, якія паказалі на пагаршэнне матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, прычынай негатыўных зменаў з’явіўся значны рост цэн.

Для 19,3% рэспандэнтаў – зніжэнне даходаў ад працоўнай дзейнасці, для 10,1% – пераход на менш аплатную працу, няпоўная занятасць ці страта працы.

Нізкую ацэнку свайму матэрыяльнаму становішчу далі 4,5% хатніх гаспадарак, дзве траціны (66,4%) хатніх гаспадарак Беларусі ацанілі сваё матэрыяльнае становішча ў 2015 годзе як сярэдняе, чвэрць (25,1%) – некалькі ніжэйшае за сярэдняе, 4% – некалькі вышэйшае за сярэдняе і высокае.

Хатняя гаспадарка з’яўляецца адным з трох асноўных суб’ектаў эканамічнай дзейнасці разам з прадпрыемствамі (карпарацыямі) і дзяржавай. Гэтае паняцце ахоплівае гаспадарку сям’і рознага складу і любых памераў. Гэта гаспадарка і вялікіх сем’яў, якія аб’ядноўваюць некалькі пакаленняў, пражываюць разам, валодаюць эканамічнымі рэсурсамі, і асобнага чалавека, які мае пэўную ўласнасць і ажыццяўляе гаспадарчую дзейнасць.

Марына НОСАВА, БелаПАН.