Здарэнне адбылося 18 снежня мінулага года. Галоўныя дзеючыя асобы гэтай гісторыі – два жыхары Івянца.

Была ў іх адна агульная знаёмая. Спачатку адзін мужчына сустракаўся з ёй і пазычыў 600 тысяч рублёў. Потым жанчына сустрэла іншага мужчыну. Каханне прайшло, а доўг застаўся.

Новы каханы вырашыў вярнуць доўг сваёй даме сэрца. Прыйшоў да саперніка і прымушаў яго вярнуць грошы.

Не вымагаў, а менавіта прымушаў у форме, якая не ўяўляла пагрозы жыццю і здароўю.

– Ён некалькі разоў паўтараў: “Вярні доўг, вярні доўг”, – тлумачыць следчы Валожынскага РАСК Ілля Глінскі, – і некалькі разоў нямоцна штурхаў і біў даўжніка.

Той частку доўгу ўсё ж такі вярнуў. Але звярнуўся ў міліцыю. Цяпер шукальніку справядлівасці пагражае да шасці год пазбаўлення волі.

Справа накіравая ў суд.