Такі прагноз утрымліваецца ў выніках спецыяльнага даследавання, заснаванага на апытанні прадстаўнікоў дванаццаці беларускіх камерцыйных банкаў.

Кожнаму ўдзельніку апытання было прапанавана ацаніць верагоднасць наступлення розных сцэнарыяў макраэканамічных паказчыкаў.

Як паказала апытанне, верагоднасць таго, што на 1 ліпеня 2016 года курс долара ЗША будзе знаходзіцца ў дыяпазоне 22 300–24 100 беларускіх рублёў, складае 40% (па стане на раніцу 28 сакавіка афіцыйны курс долара складаў 20 232 рубля).

Трохі ніжэй (32%) банкіры ацэньваюць верагоднасць таго, што на 1 ліпеня долар будзе каштаваць у прамежку ад 20 400 да 22 300 рублёў.

У другой палове года абясцэненне беларускага рубля можа працягнуцца, прагназуюць удзельнікі апытання. Верагоднасць таго, што да 1 студзеня 2017 года курс долара будзе знаходзіцца ў дыяпазоне ад 24 100 да 27 900 рублёў, роўная 40%. Верагоднасць двух іншых сцэнарыяў (курс долара ў дыяпазоне ад 22 300 да 24 100 рублёў і ў калідоры ад 20 400 да 22 300 рублёў на 1 студзеня 2017 года) складае 27% і 22% адпаведна, мяркуюць банкіры.

На думку эканамістаў, прагнозы ўдзельнікаў фінансавага рынку кажуць пра тое, што ў грамадстве захоўваюцца дэвальвацыйныя чаканні.

“Сёння такія чаканні існуюць у розных эканамічных агентаў, – адзначае эканаміст Антон Балточка. – Яны фармуюцца з-за таго, што няма пэўнасці ў будучай эканамічнай палітыцы дзяржавы, адсутнічае выразны афіцыйны план, як краіна гатовая да магчымага выхаду з цяперашняй складанай сітуацыі. Указ №78 (“Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”), прыняты ў лютым, носіць у асноўным дэкларатыўны характар, і яснага адказу на вышэйзгаданае пытанне там няма”.

Залежнасць беларускага рубля ад курсу расійскай валюты і ад цэн на нафту, паводле слоў эксперта, будзе захоўвацца. “Структурных фактараў у беларускай эканоміцы, якія б дазволілі разарваць гэтую ўзаемасувязь, пакуль мы не бачым”, – канстатуе Балточка.

З улікам апошніх тэндэнцый на нафтавым рынку аналітыкі фінансавага рынку чакаюць плаўнае аслабленне курсу нацвалюты. “Апошні тыдзень нафта на сусветным рынку каштавала больш за 40 долараў за бараль. У выпадку, калі вуглевадародная сыравіна некалькі патаннее і бараль будзе на працягу года каштаваць 35–40 даляраў, курс долара да канца 2016-га не павінен перавысіць у Беларусі 24 тысячы рублёў”, – прагназуе старшы аналітык форэкс-брокера “Альпары” Вадзім Іосуб.

Дзмітрый ЗАЯЦ, БелаПАН.