Ад 1 красавіка да 30 мая на час нерасту забараняецца лоўля ўсіх відаў рыбы ў рыбалоўных угоддзях Мінскай вобласці.

На вадаёмах Віцебшчыны, да якіх адносіцца возера Вялікія Швакшты Нацпарку “Нарачанскі”, лоўля рыбы забароненая ад 10 красавіка да 8 чэрвеня.

У гэты перыяд дазваляецца аматарскае рыбалоўства толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным штучнай прынадай, з адным адзінарным, падвойным або трайным кручком у светлы час сутак з берага і з штучных збудаванняў, без заходу ў ваду. Таксама забараняецца выкарыстанне маламерных суднаў.

Нагадаю, што лавіць шчупака забаронена да 15 красавіка, а на вадаёмах Віцебскай вобласці да 25 красавіка. А ад 15 красавіка да 30 мая устаноўлена забарона на лоўлю судака.

Штраф плюс шкода ў трайным памеры

Выкарыстанне забароненых прыладаў ці спосабаў лоўлі рыбы цягне за сабой штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Акрамя гэтага давядзецца кампенсаваць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду – у трайным памеры па кожным канфіскаваным ці знішчаным віду рыбы.

Напрыклад, адна асобіна незаконна здабытых плоткі або акуня абыдзецца парушальніку ў 630 тысяч рублёў, а ляшча або шчупака – у мільён 890 тысяч рублёў.

 Калі памер шкоды складае больш за 100 базавых велічынь, надыходзіць крымінальная адказнасць. У дадзеным выпадку адказнасць больш суровая, аж да пазбаўлення волі на тэрмін да трох год.

Пра выпадкі браканьерства можна паведаміць па тэлефоне 8-01797-50-7-40.