Здарэнне адбылося 30 сакавіка каля 16:00.

32-гадовы кіроўца, жыхар Маладзечанскага раёна, рухаўся на аўтамабілі “Фіят-Тэмпра” па вуліцы Маладзёжнай у Гарадку.

Калі ён вырашыў абагнаць аўтамабіль МАЗ, няправільна абраў бяспечную бакавую адлегласць да яго, і ў выніку адбылося бакавое датычнае сутыкненне.

Кіроўца “Фіята” з месца здарэння з’ехаў. Як ён сам патлумачыў пазней, з-за таго, што спужаўся адказнасці.

Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы атрымалі аператыўную інфармацыю аб меркаваным кіроўцы, а таксама аб месцы яго жыхарства. Яны наведаліся туды і высветлілі, што сапраўды ў чалавека, які там гаспадарыць, ёсць “Фіят” і 30 сакавіка ён на аўто некуды паехаў. Пры гэтым мабільны пакінуў дома.

Супрацоўнікі наведаліся па гэтым адрасе і 31 сакавіка. Аўтамабіль, які шукалі, быў каля дома. На ім меліся характэрныя для такога ДТЗ пашкоджанні.

На кіроўцу склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.  Ён не меў правоў кіравання, страхоўкі і пройдзенага дзяржтэхагляду.

2 красавіка начальнік ДАІ вынес пастанову, у якой кіроўцу прызначаны штраф у памеры 17 базавых велічынь (3 570 000 рублёў) з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартным сродкам на шэсць месяцаў.

Пра здарэнне распавёў дзяржаўтаінспектар Сяргей Бартош.