Уступіў у законную сілу прысуд у дачыненні да 24-гадовага вілейчаніна.

Выязное судовае пасяджэнне адбылося 22 сакавіка. Праводзілі яго ў Вілейскім дзяржаўным каледжы.

– Зрабілі так з мэтай прафілактыкі. Бо абвінавачаны – малады хлопец, не нашмат старэйшы за выпускнікоў каледжа, – патлумачыла памочнік пракурора Вілейскага раёна Наталля Стрэж.

Летась 12 лістапада віляйчанін купіў у неўстаноўленага мужчыны на вуліцы Талстога псіхатропнае рэчыва – масай не менш за адзін грам.

Частку дома змяшаў з тытунём і выкурыў. Потым выйшаў у горад, выпіваў. Астатняя частка псіхатропнага рэчыва па-ранейшаму ў яго была з сабой – у кашальку. Гэта і падвяло хлопца.

–  Было ўжо позна ўвечары, пасля 23 гадзін. Супрацоўнікі міліцыі правяралі ахову грамадскага парадку ў мікрараёне Воўкаўшчына. Іх увагу прыцягнула купка маладых людзей, сярод якіх быў і гэты хлопец, – дадала Наталля Стрэж. – Пабачыўшы міліцыянераў,  ён спужаўся і выкінуў рэчыва. Аднак яго знайшлі на месцы здарэння. Хлопца затрымалі.

Яго дзеянні кваліфікавалі як незаконнае без мэты збыту набыццё і захоўванне псіхатропных рэчываў.

Хлопец судзімасці не мае, не працуе. Змякчальнай акалічнасцю падчас судовага пасяджэння палічылі чыстасардэчнае раскаянне ў злачынстве.

У выніку суд прыгаварыў віляйчаніна да абмежаванні волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на чатыры гады.