У конкурсе для чытачоў ад “РГ” “Кіруй грашыма” трое ўдзельнікаў. Галасаванне будзе закрытае ў сераду, 20 красавіка.

Удзельнікі №1 – сям’я Буркевічаў

Я, Людміла Буркевіч, мама двух сыноў. Мне цікавы праект, які вы запусцілі. Пражыць на гэтыя грошы можна, але трэба ўсё гатаваць. Калі купляць гатовую прадукцыю ці паўфабрыкаты, то атрымліваецца на парадак даражэй.

Майму старэйшаму сыну 16 гадоў, малодшаму ўжо 13. Абодва займаюцца спортам, адпаведна амаль заўсёды галодныя, так як траціцца шмат калорый на трэніроўках. Мы аддаём на ежу і камунальныя плацяжы на траіх прыкладна 3,5 мільёна ў месяц. Але ў нас кожны дзень у меню ёсць і садавіна, і мяса, і гародніна. Закупляюся я прыкладна 1 раз на тыдзень, пасля толькі хлеб дакупляем і малако.

Калі кожны дзень хадзіць у краму, шмат грошай ідзе на непатрэбныя пакупкі. І яшчэ я еду ў краму, як і многія, са спісам неабходных пакупак – гэта таксама дапамагае разумна выдаткоўваць грошы. Важна таксама глядзець пры пакупках на вагу тавару, фасоўку – часам больш выгадна купіць вялікую ўпакоўку, якая будзе танней, чым такую ж вагу ў малых ўпакоўках.

Гатую я кожны дзень, толькі боршч магу зварыць на два дні. Пяку пячэнне, пірагі, торты – 3-4 разы на тыдзень. Выпякаць танней, чым купляць гатовыя прысмакі. Калі нарадзіўся малодшы сын, ён у нас мае інваліднасць, дактары сказалі, што імунітэт у яго практычна нулявы. У нас у картцы медыцынскай ёсць запіс: “пры любой ВРВІ – шпіталізацыя”.

Таму мы летам нарыхтоўваем шмат шыпшыны, сушым ліпавы цвет, мяту, чабор і многія іншыя лекавыя травы і ўсю зіму п’ём такую гарбату, гэта вельмі смачна, а галоўнае – карысна і эканомяцца грошы. Шмат ставім малінавага варэння. Мой сын, маючы інваліднасць, удзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі.

Частку грошай мы адкладаем на летнія падарожжы, шмат дзе пабывалі. Ёсць і тэлефоны, і ноўтбукі. І вельмі важная дэталь для эканоміі – энергазберагальныя лямпачкі. Гараць яны доўга, некаторыя ўжо па чатыры гады гараць, і электраэнергія зберагаецца.

Вось так мы і жывём. Чакаем цяпла, каб пасадзіць агарод – вітаміны з градкі.

Удзельнікі №2 – сям’я Лебедзевых

У нас шматдзетная сям’я. Месца мала, таму за адным сталом ніколі не вячэраем, заўсёды па чарзе.

Але гатаваць і есці вельмі любяць усе. Мама Насця, тата Саша, сястрычкі Ліза і Каця і маленькі Уладзік.

Удзельнікі №3 – сям’я Петрашэўскіх

З задавальненнем прачытала пра ваш конкурс і вырашыла прыняць удзел. Сям’я мая не вельмі вялікая – дачцэ Людміле 19 год, мужу Мікалаю 31 год. А мне, Нонне, 42 гады.

З задавальненнем набываем прадукты ў магазіне і гатуем розныя прысмакі, а таксама любім хадзіць у госці.

Удзельнікі №4 – сям’я Емяльяненкаў

Галоўны клопат любой жанчыны  як сытна і смачна накарміць сваю сям’ю. Так было і ў нашай сям’і, пакуль мы не даведаліся, што станем бацькамі, таму да пунктаў пра сытнасць і смачнасць дадаліся пункты пра правільнае і здаровае харчаванне. Хочацца, каб наша дзіця расло здаровенькім.

Гатую самастойна, таму не набываем паўфабрыкаты. Гэта больш танна і ты сам ведаеш, наколькі прадукты свежыя ў страве.

Страемся набываць у магазіне толькі самае неабходнае, напрыклад, хлеб, рыбу, тваражкі і ёгурты для маленькага Арцёмкі, калі ёсць лішнія грошы, то нешта для душы, тое, што даўно хацелася.

Большасць жа прадуктаў са свайго агарода, які ёсць як у маёй мамы, так і ў свекрыві. Працуем на градах рупліва, аднак і вынік атрымліваем выдатны: летам – свежыя агурочкі і памідорчыкі, зеляніна, бліжэй пад восень – бульбачка, бурачкі, капустачка, морквачка, цыбулька. На працягу лета і восені стараемся назапасіць садавіну і гародніну на зіму – закатваем у слоікі, складаем у скрыні, замарожваем. Затое зімой ласуемся пладамі сваёй працы.

Калі ёсць магчымасць, хаджу ў лес па ягады і грыбы.

Вялікую падрымку аказвае мая мама. Яна хоць і жыве ў Маладзечне, аднак трымае карову і свіней, таму на нашым стале ёсць малако, кефір, масла, а таксама свініна. Са сваіх прадуктаў гатую розныя супы: шчы, боршч, расольнік, грыбны. Не можам абысціся без бульбы, нашага другога хлеба. Таму яе і смажым, і варым, і запякаем у духоўцы, робім дранікі, бабку…

Па магчымасці раблю печыва, дадаю ў яго садавіну, якую назапасілі з лета. Асабліва гэта актуальна цяпер, калі адключылі ацяпленне, у кватэры адразу цяплее і гаспадарыць чароўны пах. У мужа ад такіх пахаў адразу ўзнімаецца настрой і з’яўляюцца новыя сілы, нават калі прыходзіць вельмі стомлены.

Печыва ядзім з карыснай гарбатай, робім яе з ліпавага цвету, маліны, шыпшыны, зверабою і мяты. Можам дадаць у яе лімон альбо імбір – гэта вельмі дапамагае, каб не хварэць зімой. Муж раней ставіўся да яго неяк насцярожана, аднак пасля адчуў сапраўдны яго смак, што цяпер адмаўляецца піць чай у пакеціках.

Вось так эканомна і здарова харчуецца наша сям’я. Алёна і Ігар Емяльяненкі, Вілейка.

Сачыце за конкурсам!

Конкурс “Кіруй грашыма” мае на мэце садзейнічаць разумнаму кіраванню грашыма. Ці ўсе вашы пакупкі рацыянальныя? Ці зможаце вы навучыць іншых, як хадзіць у магазін разумна?

Для ўдзелу ў конкурсе мы запрашалі тых, хто займаецца хатняй гаспадаркай. Каб заяўкі паспелі даслаць усе ахвотныя, мы крыху падоўжылі час правядзення конкурсу.

Пераможцу мы запросім па пакупкі. Ён атрымае сертыфікат на ­адзін мільён рублёў, за які павінны будзе набыць неабходныя прадукты і іншыя рэчы на тыдзень.

Пасля спіс пакупак мы прааналізуем для таго, каб павучыцца складаць рацыянальны спіс пакупак на тыдзень.