Ад 11 па 17 красавіка ў краіне патанулі пяць чалавек.

Асноўная прычына – падзенне ў ваду ў нецвярозым стане. Але мяне здзівіў выпадак у Магілёве – жанчына 62 гадоў ўтапілася дома ў ванне.

Год таму ў Маладзечне быў аналагічны выпадак – у ванне патанула жанчына сталага ўзросту.

Вырашыўшы падрабязней разабрацца ў сітуацыі, я прааналізаваў выпадкі патаплення на Маладзечаншчыне за апошнія 15 гадоў (ад 2000 да 2015). Вынікі здзівілі – са 111 тапельцаў больш за ўсё людзі танулі дома ў ваннах (19 чалавек). 90% – лю­дзі сталага ўзросту.

У 2005 годзе ў ваннах патанула людзей больш, чым у вадаёмах за ўвесь купальны сезон.

Пасля я звярнуўся да дактароў.

Яны адказалі, што кожны выпадак трэба разглядаць асобна, але часта  людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі ў перыяды рэзкага змянення ціску адчуваюць холад. Каб сагрэцца, яны вырашаюць прыняць гарачую ванну. У выніку рэзкага павышэння тэмпературы навакольнага асяроддзя, арганізм рэагуе адпаведным чынам – павышаецца ціск. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да змянення сардэчнага рытму, спазмаў сасудаў.

У выніку чалавек на кароткі час губляе свядомасць і пагружаецца з галавой у ваду. У дыхальныя шляхі трапляе вада і наступае смерць ад асфіксіі.

Калі ў вас ёсць праблемы з сардэчна-сасу­дзістай сістэмай, не прымайце ванну з гарачай вадой, абмяжуйцеся душам. Памятайце пра бяспеку падчас водных працэдур.