Недарэчныя забавы і бескантрольнае жаданне пачасаць кулакі: пра апошнія здарэнні, у якіх фігуруе моладзь, гаворыць начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага РАУС Сяргей Шытыка.

Смяротны выпадак адбыўся ў пятніцу, 29 красавіка. Кампанія маладых людзей накіравалася ў вёску Касцюшкі, што на Маладзечаншчыне, забаўляцца з лініямі электраперадач.

Правады без току ляжалі на зямлі. Хлопцы вырашылі пагушкацца на іх як на тарзанцы. Чым мацней нацягваеш, тым далей ляціш, калі адпускаеш провад. Іх падкідвала на пару-тройку метраў, а потым яны саскоквалі. Адзін жа нацягнуў провад вельмі моцна і не адпусціў, каб саскочыць. І сарваўся, калі адляцеў прыкладна на вышыню пяціпавярхоўкі.

Яго адвезлі ў бальніцу, але дактары не змаглі выратаваць, ён памёр. Хлопцу было 16 гадоў, вучыўся у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы.

У кампаніі было пяцёра, усім ад 16 гадоў.

Хуліганстваў паболела ў чатыры разы

– Злачыннасць стабілізуецца амаль па ўсёй вобласці, – кажа Сяргей Шытыка. – Калі летась на Маладзечаншчыне за чатыры месяцы зарэгістравалі 15 злачынстваў з удзелам непаўналетніх, то сёлета – 12. З чым гэта звязана? Летась быў моцны ўсплёск злачыннасці, і нельга сказаць, што цяпер яна ўпала. Хутчэй, нармалізавалася. Турбуе рост хуліганстваў. Летась быў толькі адзін выпадак, сёлета іх ужо чатыры.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх заўважае, што дастаткова дробязі, каб развязаць бойку. Не так паглядзеў, не так сказаў – і ўсё. Маладыя людзі не ўмеюць размаўляць паміж сабой, саступаць адзін аднаму, шукаць кампраміс. Нязначная нагода – ідуць у ход кулакі.

Узяць выпадак, што адбыўся вечарам 23 лютага. Маладыя людзі стаялі і размаўлялі каля інтэрната Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Чаго яны там стаялі – незразумела. У гэты час у інтэрнат вярталіся яго жыхары, двое хлопцаў і дзве дзяўчыны. Яны ішлі, нікога не чапалі. Трое зайшлі: хлопец і дзве дзяўчыны. Чацвёрты крыху ад іх адстаў. І малады чалавек з кампаніі, што стаяла тут побач, узяў і збіў яго. Проста так, без прычыны.

Калі ў 17-гадовага хлопца, які палез у бойку, спыталіся, што на яго найшло, ён не змог патлумачыць. Быў цвярозы.

Ці яшчэ адзін выпадак. Трое падлеткаў 13-14 гадоў з раёна СШ №3, аднакласнікі, вырашылі разграміць прыпынак каля дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Без нейкай прычыны пачалі адрываць, ламаць і крышыць навесы. Кіроўцы, што праязджалі міма, сігналілі ім, а яны не звярталі ўвагі. Старэйшага з гэтых хлопцаў, якому 14 гадоў, прыцягнулі да адказнасці за хуліганства.

– Зноў жа – на роўным месцы, – каментуе Сяргей Шытыка. – Яны патлумачылі, што для іх гэта была проста забава. Пра шкоду не думалі. Мы ў іх пытаемся: “А дома вы таксама вось так бераце і ламаеце тое, што пад руку трапляе?” Не. Тут яны разумеюць, што гэта дрэнна.

Сёлета сярод здарэнняў з удзелам непаўналетніх пакуль што лідзіруюць крадзяжы, іх ужо пяць, і хуліганствы.